BE RU EN

Дэмакраты рыхтуюць агульны спіс кандыдатаў

  • 27.04.2016, 16:28

Апазіцыя мае намер каардынаваць дзеянні на «парламенцкіх выбарах» 11 верасня.

Размова пра гэта адбылася на пасяджэнні стала дзейнай рады дэмакратычных арганізацый 27 красавіка ў Менску, паведаміў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Ёсць даручэнне прапрацаваць прапанову, якім чынам можа фармавацца агульны спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Большасць выказалася аб гэтай прапанове правацэнтрысцкай кааліцыі, што такі спіс магчымы», - заявіў палітык. Пры гэтым Лябедзька адзначыў, што агульны спіс не азначае таго, што будзе менавіта 110 патэнцыйных кандыдатаў, па адным на кожную выбарчую акругу.

«Іх можа быць і больш, але трэба прапрацаваць механізм іх каардынацыі і ўзаемадзеяння. Калі ён будзе прыняты, то гэта будзе добры вынік напярэдадні выбарчай кампаніі», - мяркуе ён. Лябедзька таксама паведаміў, што «ўсе ўдзельнікі рады выказваюцца за тое, што павінна быць і нейкае агульнае пасланне».

«Там, дзе гэта магчыма, вылучыць адзінага кандыдата, дзе не атрымаецца - заклікаць рэгіянальных лідараў супрацоўнічаць у рамках адной кампаніі. Паколькі ў Беларусі няма свабодных і дэмакратычных выбараў, то няма перашкоды для таго, каб супрацоўнічаць, не канкураваць паміж сабой і разам абараняць грамадзян ад самавольства дзейнай улады», - адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Наступнае пасяджэнне рады адбудзецца 3 траўня. На ім сярод іншага плануецца разгледзець рэгламент яго дзейнасці.

Пастанову аб стварэнні стала дзейнай нарады дэмакратычных арганізацый прынялі 15 красавіка ў Менску прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», руху салідарнасці «Разам», незалежнага прафзвязу РЭП, аргкамітэтаў для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Пазней гэтую пастанову падтрымалі аргкамітэты партыі «Беларускі рух», Партыі працоўных, Партыі жанчын «Надзея» і Партыі свабоды і прагрэсу.

Апошнія навіны