BE RU EN

Беларусь аднеслі да ліку краін са «складанай сітуацыяй» у галіне свабоды СМІ

  • 20.04.2016, 12:02

Беларусь заняла 157-е месца з 180 у рэйтынгу краін па свабодзе прэсы.

Беларусь чарговым разам аднесена да ліку краін са «складанай сітуацыяй» у сферы свабоды СМІ - гэта афіцыйныя вынікі штогадовага індэкса свабоды прэсы ў свеце, які рыхтуе міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», паведамляе БелаПАН.

Як і год таму, Беларусь заняла 157-е месца з 180. Аднак індэкс свабоды прэсы ў краіне пагоршыўся: калі ў 2015 годзе гэты паказчык складаў 47.98, то ў гэтым - 54.32 (мінус 6.34 пункта).

«У спробе аслабіць уплыў Расеі на Беларусь рэжым Лукашэнкі спрабуе набыць сімпатыю міжнароднай супольнасці і сцерці імідж «апошняй дыктатуры Еўропы». Але акрамя вызвалення палітвязняў нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і праследуюцца судовай уладай. Міністэрства інфармацыі пашырыла свой кантроль над сеткай распаўсюду друкаваных СМІ і інтэрнэтам, а таксама забараніла праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для таго, каб абыйсці онлайн-цэнзуру», - адзначаецца ў дакладзе «Рэпарцёраў без межаў».

У дзясятку краін з найлепшым індэксам свабоды прэсы ўвайшлі Фінляндыя, Нідэрланды, Нарвегія, Данія, Новая Зеландыя, Коста-Рыка, Швейцарыя, Швецыя, Ірландыя і Ямайка.

Найгоршай прызнана сітуацыя ў Емене, на Кубе, у Джыбуці, Лаосе, Судане, В'етнаме, Кітаі, Сірыі, Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Апошнія навіны