У Нагорным Карабаху збіты азербайджанскі гелікоптэр
- 2.04.2016, 9:21
Па ўсёй лініі судакранання ў зоне карабахскага канфлікту ідуць баявыя дзеянні.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністэрства абароны Арменіі Арцрун Аванісян.
Арменія сцвярджае, што Азербайджан распачаў наступальныя дзеянні з прымяненнем артылерыі, бронетэхнікі і авіяцыі. Войска Нагорна-Карабахскай Рэспублікі заявіла, што на адным з участкаў збіты азербайджанскі гелікоптэр, паведамляе Panarmenian.net.
З азербайджанскага боку пацверджання гэтай інфармацыі не паступала.
У 1991-1994 годзе ў Нагорным Карабаху адбыўся ўзброены канфлікт паміж армянамі і азербайджанцамі, паводле вынікаў якога самаабвешчаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка дамаглася фактычнай незалежнасці. Азербайджан лічыць тэрыторыі, занятыя армянамі падчас вайны, акупаванымі.
Бакі канфлікту рэгулярна паведамляюць пра баі на лініі судакранання і вінавацяць адзін аднаго ў правакацыях.