Аператар life:) будзе патрабаваць плату з абанентаў за скасаванне дамовы
- 12.04.2016, 11:30
Мабільны аператар life :) з 25 красавіка ўнясе змяненні ў дамову аб наданні паслуг электрасувязі.
Аператар life :) абвясціў аб змене у дамове аб наданні паслуг электрасувязі, якая ўваходзіць у дзеянне з 25 красавіка 2016 года. Кампанія ўнесла новы падпункт, у адпаведнасці з якім абанент павінен будзе заплаціць аператару 100 тысяч рублёў у выпадку, калі карыстальнік наважыўся скасаваць дамову цягам 90 дзён з моманту яе ўкладання.
Ад плацяжу вызваляюцца наступныя катэгорыі абанентаў:
фізічныя і юрыдычныя асобы, якія датэрмінова і напоўніцу выканалі грашовыя абавязанні паводле прапановаў, якія прадугледжваюць перадачу ў карыстанне канцавых абаненцкіх прылад;
юрыдычныя асобы, якія абслугоўваюцца на ўмовах папярэдняй аплаты паслугаў;
фізічныя і юрыдычныя асобы, скасаванне дамовы аб наданні паслуг электрасувязі з якімі адбываецца ў сувязі з пераносам нумара ў сетку іншага аператара сувязі.
Аператар звяртае ўвагу, што абаненты, якія пастановяць не прадаўжаць карыстацца паслугамі мабільнай сувязі аператара, дамову могуць не скасоўваць. Пры гэтым ніякай пені ды іншых выдаткаў з абанента спісвацца не будзе, а пасля сканчэння сродкаў на балансе наданне паслуг будзе прыпыненае аўтаматычна.