BE RU EN

«Матчын рух 328» прадаўжае змагацца за рэгістрацыю

  • 31.03.2016, 14:41

Маці, сыноў якіх прысудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў за нібыта распаўсюд наркотыкаў, аб'ядналіся і спрабуюць зарэгістраваць рух.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай абавязаў Гарадзенскі абласны суд разгледзець па сутнасці справу рэгістрацыі сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328», паведамляе «Радыё Рацыя».

29 студзеня 2016 года Гарадзенскі абласны суд адмовіўся разглядаць скаргу ініцыятараў стварэння грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328» аб адмове ў рэгістрацыі, спасылаючыся на тое, што яны не ўпаўнаважаныя звяртацца ў судовыя ўстановы.

Са словаў старшыні ініцыятыўнай групы для стварэння грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328» Ларысы Жыгар, іншай пастановы Вярхоўнага суда сябры арганізацыі не чакалі:

- Кажуць, што надзея памірае апошняй, але тут прыйшла пастанова Вярхоўнага суда «скасаваць» (пастанову Гродзенскага суда), і мы падумалі: «Ура!» Можа ўсё ж нешта зрушыцца і яны зразумеюць, што сацыяльна-асветніцкае аб'яднанне «Матчын рух 328» вельмі неабходнае, бо цяпер сапраўды сярод найбольш вострых праблем - гэта праблемы наркотыкаў.

Гарадзенскі абласны суд 11 красавіка 2016 года разгледзіць справу аб адмове абласной управай юстыцыі дзяржаўнай рэгістрацыі сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328». У выпадку адмоўнай пастановы ініцыятары стварэння грамадскага аб'яднання маюць намер зноў звяртацца ў Вярхоўны суд.

Апошнія навіны