BE RU EN

У канал Менска-Вілейскай воднай сістэмы папалі нафтапрадукты

  • 26.03.2016, 14:40

Каля Заслаўя ў Менскім раёне адбылася аварыя на трубаправодзе.

Пры правядзенні земляных работ 25 сакавіка на тэрыторыі ТАА «Транспартна-складскі комплекс Еўразія» была пашкоджаная труба дыяметрам 75 мм ад ёмістасцяў з нафтапрадуктамі.

У выніку нафтапрадукты патрапілі ў ліўневую сістэму і ручай. На паверхні канала Менска-Вілейскай воднай сістэмы з'явілася алеістая пляма, паведамляе прэс-служба Менскай абласной управы МНС.

Ратавальнікі ды працаўнікі «Мінскводаканала» правялі работы для ўстаноўкі загараджальных бонаў і апрацоўкі паверхні сарбентамі (150 кг). Ім удалося не дапусціць трапляння масляністых плям у вадасховішча. Мору рыбы не выяўлена.

У суботу, 26 сакавіка, работы для ліквідацыі забруджвання прадаўжаюцца.

Канал Менска-Вілейскай воднай сістэмы быў створаны для забеспячэння сталіцы пітной вадой.

Апошнія навіны