BE RU EN

Юлія Цімашэнка лідэруе ў прэзідэнцкім рэйтынгу Украіны

  • 16.03.2016, 17:40

Кіраўніца БЮТ абышла нават прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку.

Украінскае інтэрнэт-выданне "Обозреватель" прыводзіць звесткі апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, згодна з якімі, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся ў сярэдзіне сакавіка гэтага года, за лідэра "Бацькаўшчыны" прагаласавалі б блізу 21 адсотка рэспандэнтаў, дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнку падтрымалі б блізу 18 адсоткаў апытаных, лідара Радыкальнай партыі Алега Ляшко - 12 адсоткаў.

У выпадку выбараў у Вярхоўную Раду за "Бацькаўшчыну" гатовыя галасаваць больш за 18 з паловай працэнтаў рэспандэнтаў, крыху больш за 13 адсоткаў падтрымалі б "Апазіцыйны блок", блізу 11,5 працэнта - "Блок Пятра Парашэнкі".

Партыя прэм'ера Арсенія Яцэнюка "Народны фронт", якая перамагла на мінулых выбарах, цяпер набрала б толькі блізу двух адсоткаў галасоў.

Выбары прэзідэнта Украіны намечаныя на 31 сакавіка 2019 года.

Раней прэзідэнт Парашэнка заяўляў, што парламенцкія выбары раней 2019 года не адбудуцца, аднак у сувязі з палітычным крызісам ва Украіне і патэнцыйнай пагрозай адстаўкі кабінета Арсенія Яцэнюка сталі раздавацца галасы аб магчымых датэрміновых выбарах.

Апошнія навіны