BE RU EN

Шушкевіч: Апазіцыя павінна аб'яднацца вакол Кангрэсу дэмакратычных сілаў

  • 14.03.2016, 17:40

Да Кангрэсу таксама могуць далучыцца лідары пратэстуючых прадпрымальнікаў.

Пра гэта першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя», каментуючы падрыхтоўку да Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

«Шмат тых, хто хоча быць галоўным - і ў Кангрэсе, і ўсюды. Але пакуль надзея на аб'яднанне беларускай апазіцыі ёсць. Мы цярпліва праводзім нашы сустрэчы, распрацоўваем дакументы, якія трэба вынесці на Кангрэс. Яны атрымліваюцца вельмі добрымі», - распавёў палітык.

На думку Шушкевіча, фактычна кожная сапраўды апазіцыйная партыя, якая існуе ў Беларусі, «павінна падтрымаць дакументы, якія рыхтуюцца для разгляду на Кангрэсе. Спецыялісты працуюць у гэтым кірунку».

Таксама Шушкевіч выказаў перакананне, што да Кангрэсу далучацца і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Нагадаем, што 17 снежня 2015 года група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікала апазіцыю да кансалідацыі і правядзення кангрэса дэмакратычных сілаў для выпрацоўкі далейшых дзеянняў. На наступны дзень апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта для падрыхтоўкі кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

Аргкамітэт для правядзення кангрэса дэмакратычных сілаў на паседжанні 18 лютага зацвердзіў магчымую дату форуму - 14 ці 15 траўня гэтага года. Чакаецца, што ў ім возьме ўдзел блізу 500 чалавек.

Апошнія навіны