BE RU EN

Brutto вызначыўся з датай менскага канцэрта

  • 9.02.2016, 22:17

А найбольш верагоднае месца правядзення мерапрыемства - менскі Палац спорту.

Brutto вызначыўся з датай менскага канцэрта і падаў у гарвыканкам заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання.

Як распавёў Tut.by прадусар гурту Антон Азізбекян, менскі канцэрт павінен адбыцца 27 траўня. А найбольш верагодным месцам правядзення мерапрыемства ён называе менскі Палац спорту.

«Кіраўніцтва «Менск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны» на нашы пісьмовыя запыты пакуль не адказала а ў Палацы спорту дата, што нам пасавала была вольная», - кажа Азізбекян.

Апроч выступу ў сталіцы, у планах у Brutto правесці вясновы тур «Родны край» па некалькіх гарадах Беларусі.

Плануецца, што ўсе атрыманыя ад канцэрту грошы Brutto аддадуць на развіццё менскіх Дома міласэрнасці і Дома інвалідаў, што клапаціліся пра бацьку Сяргея Міхалка.

Нагадаем, лідар Brutto Сяргей Міхалок звярнуўся да міністра культуры Барыса Святлова з прапановай давесці, што ў Беларусі няма забароненых гуртоў. Пацвярджэннем гэтаму павінен стаць вялікі канцэрт Brutto ў «Менск-Арэне» ў любы дзень і ў любы час, хоць у панядзелак у 10 раніцы. Усе атрыманыя грошы пойдуць на развіццё менскіх Дома міласэрнасці і Дома інвалідаў.

Апошнія навіны