BE RU EN

Аб'яднаўчая платформа Партыі БНФ падтрыманая аргкамітэтам кангрэс дэмакратычных сіл

  • 9.02.2016, 22:00

Аргкамітэт для правядзення кангрэсу дэмакратычных сіл падтрымаў стратэгічныя мэты і задачы, якія змяшчае платформа кансалідацыі апазіцыі, прапанаваная Партыяй БНФ.

Пра гэта паведаміў БелаПАН адзін з сябраў аргкамітэта, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.

30 студзеня сойм Партыі БНФ прыняў пастанову пакуль не ўваходзіць у аргкамітэт для правядзення кангрэсу. Кіраўніцтву арганізацыі было даручана распрацаваць праект платформы кансалідацыі апазіцыі на падставе тэзісаў мемарандуму апазіцыі "Аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі». Ён быў прыняты ў Вільні 3 лістапада 2012 года на сустрэчы лідараў апазіцыйных партый і НДА з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і падпісаны 14 арганізацыямі.

Існасць мемарандуму ў каардынацыі дзейнасці ўсіх апазіцыйных палітычных і грамадскіх структур ўнутры Беларусі і за мяжой з мэтай вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, спынення палітычных рэпрэсій у краіне, забеспячэння свабоды СМІ, «дэмантажу рэпрэсіўнага апарату» і, як вынік, «правядзення свабодных выбараў».

9 лютага аргкамітэт для правядзення кангрэсу падтрымаў «канстытуцыйныя нормы незалежнасці Беларусі і яе імкненне да нейтралітэту», якія былі прапанаваныя Партыяй БНФ. У сувязі з гэтым, паведаміў Статкевіч, аргкамітэт прапанаваў партыі далучыцца да супольнай распрацоўкі платформы, якая забяспечвала б рэалізацыю гэтых прынцыпаў.

Палітык таксама адзначыў, што аргкамітэт прапанаваў сфармуляваць умовы ўваходжання ў яго склад арганізацый правацэнтрысцкай кааліцыі (рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»). Пры гэтым Статкевіч мяркуе, што гэтыя структуры «марудзяць з адказам, чамусьці баяцца» адказаць шчыра аб магчымасці свайго ўдзелу ў аргкамітэце.

Палітык паведаміў, што на чарговым пасяджэнні аргкамітэта кангрэса 12 лютага будзе абмяркоўвацца працэдура вылучэння дэлегатаў.

Плануецца, што кангрэс адбудзецца ўвесну.

Апошнія навіны