BE RU EN

Менчукі будуць кампенсоўваць кошт праезду ў метро на 64%

  • 9.02.2016, 18:50

А сабекошт праезду ў наземным транспарце жыхары сталіцы будуць кампенсаваць амаль напалову.

Паводле звестак галоўнай фінансавай управы Менгарвыканкама, субсідыі сталічнага бюджэту на кампенсацыю часткі выдаткаў для выканання насельніцтву транспартных паслуг складуць у 2016 годзе за 1,6 трлн рублёў, паведамляе tut.by.

Выдаткі на субсідаванне паслуг пасажырскага транспарту Менска ў 2016 годзе запланаваныя зыходзячы з кампенсацыі дзяржавай выдаткаў наземнага гарадскога транспарту на ўзроўні 39,9%, метрапалітэну - 19,8%.

«За кошт насельніцтва плануецца кампенсаваць 45,9% выдаткаў наземнага транспарту і 63,9% - менскага метрапалітэну», - гаворыцца ў матэрыяле галоўнай фінансавай управы Менгарвыканкама, які апублікаваны ў апошнім нумары часопіса «Фінансы, улік, аўдыт», што выдаецца Мінфінам.

Нагадаем, апошняя пастанова аб падвышэнні кошту праезду ў грамадскім транспарце Менска была прынятая ў трэцяй дэкадзе снежня 2015 года. Кошт адной паездкі ў аўтобусе, тралейбусе, трамваі вырас з 4 500 да 5 000 рублёў, у метро - з 4 500 да 5 500 рублёў. Такім чынам, праезд падаражэў на 11,1 і 22,2% адпаведна.

Урад падчас распрацоўкі афіцыйнага прагнозу на 2016 год закладваў далейшы рост тарыфаў на транспартныя паслугі для насельніцтва. Меркавалася, што кошт праезду ў наземным транспарце Менска ў 2016 годзе вырасце да 6 000 рублёў за адную паездку. Аднак афіцыйныя планы пра магчымы рост кошту праезду ў пасажырскім транспарце пакуль так і не былі апублікаваныя.

Варта адзначыць, што цяпер беларускія ўлады праводзяць перамовы аб атрыманні новых крэдытаў з Міжнародным валютным фондам і Еўразійскім банкам развіцця, якія намагаюць на падвышэнні тарыфаў на платныя паслугі для насельніцтва Беларусі.

Апошнія навіны