BE RU EN

Галоўная кніжная выстава Беларусі пройдзе без удзелу Святланы Алексіевіч

  • 8.02.2016, 21:17

Ніякіх спецыяльных імпрэз з нобэлеўскай лаўрэаткай не запланавана.

XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе без удзелу Святланы Алексіевіч. Ніякіх спецыяльных імпрэз з нобэлеўскай лаўрэаткай не запланавана. Прадставяць беларускага аўтара хіба што ейныя расейскія выдаўцы, піша tut.by.

Галоўныя ж тэмы будучага форуму - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, 25-годдзе СНД, юбілеі класікаў айчыннай літаратуры і Год культуры. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавяла міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Творчасць Святланы Алексіевіч стасуецца і з запланаваным фарматам: «Чарнобыльская малітва» - з гадавінай аварыі на ЧАЭС, «Час сэканд хэнд» - з угодкамі СНД, а сам факт атрымання пісьменніцай Нобэлевай прэміі - з абвешчаным Годам культуры. Але арганізатары не мерацца праводзіць такіх паралеляў.

- Правы на выданне кніг Святланы Алексіевіч належаць расейскаму выдавецтву «Время». Яны прыязджаюць да нас на выставу. І, я думаю, што на іхным стэндзе будуць прадстаўленыя творы нобэлеўскай лаўрэаткі, - сказала Ананіч. - Безумоўна, гэтая тэма знойдзе сваё адлюстраванне на выставе. Асабліва ў асяроддзі літаратараў. На сімпозіюме пісьменнікаў будзе ісці размова ў тым ліку і пра тыя дасягненні, якія сёння ёсць у беларускай літаратуры.

XXIII Менская міжнародная кніжная выстава пройдзе з 10 да 14 лютага ў павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Уваход будзе вольны. Ганаровы госць - Арменія. Агулам у спісе ўдзельнікаў - 29 краін.

Апошнія навіны