У ЗША знайшлі ўніверсальныя лекі ад грыпу
- 8.02.2016, 17:15
Новы прэпарат эфектыўны, бо разбурае бялкі віруса, а менавіта нейрамінідазу і гемаглютынін.
Амерыканскія навукоўцы паведамілі аб распрацоўцы лекаў ад грыпу HB36.6, эфектыўнага супраць розных штамаў віруса. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе PLOS Pathogens, паведамляе агенцтва Rambler News Service.
На гэты момант клінічныя выпрабаванні HB36.6 паспяхова праведзеныя на мышах, якім ўводзілі новы прэпарат і заражалі грыпам. Грызуны, якім ўвялі лекі, выжылі, у адрозненне ад суродзічаў без ін'екцый HB36.6.
Са словаў навукоўцаў, новы прэпарат эфектыўны, бо разбурае бялкі віруса, а менавіта нейрамінідазу і гемаглютынін.
Аднак, чакаць новы прэпарат у аптэках заўчасна.
«На мышах усё, здаецца, працуе. Але паводле гэтага не заўсёды можна даць дакладны прагноз, ці будзе прэпарат эфектыўны ў дачыненні да людзей», - распавяла адна з аўтарак даследавання Дэбора Фулер.
Пасля заканчэння выпрабаванняў на жывёлах, навукоўцы маюць намер выпрабаваць HB36.6 ужо на людзях.