BE RU EN

Гомельскія ІП збіраюцца вывесці на вулічную акцыю тысячу чалавек

  • 8.02.2016, 13:08

Група прадпрымальнікаў звярнулася ў Гомельскі гарвыканкам з заявай на правядзенне мітынгу 22 лютага.

Арганізатары хочуць зладзіць мітынг 22 лютага ў Новабеліцкім раёне Гомеля каля зоны адпачынку «Пруды».

«Мы хочам, каб нас пачулі. Два разы мы хадзілі да аблвыканкаму, ездзілі на эканамічны форум у Менск - і цішыня. Зрухаў няма. І працаваць мы не можам з прычыны ўвядзення ў дзеянне ўказу №222, якім забаронена гандляваць таварамі без сертыфікатаў, хоць яны і набытыя ў Расеі. Таму будзем мітынгаваць», - заявіла «Радыё Свабода» адна з заяўнікаў масавай акцыі.

У заяўцы на мітынг у гарвыканкам арганізатары паказалі, што ў акцыі возьмуць удзел да тысячы чалавек - гэта самі прадпрымальнікі, рэалізатары, якія таксама засталіся без працы, і проста неабыякавыя гараджане, якія страцілі магчымасць апранаць і абуваць свае сем'і на рынках недарагімі коштамі.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 года беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісаў рэшткаў.

З пачатак студзеня 2016-га года на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў.

Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў, які праходзіў 11 студзеня ў менскім гатэлі «Беларусь», сабраў блізу паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнэсу.

Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч прапанаваў прадпрымальнікам план легальнай акцыі пратэсту каля адміністрацыі Лукашэнкі.

У студзені прадпрымальнікі Гомеля, Віцебска, Магілёва і іншых гарадоў Беларусі праводзілі шматлікія акцыі пратэсту каля будынкаў абласной і гарадской адміністрацыі, патрабуючы скасавання ўказу №222.

Другі форум прадпрымальнікаў Беларусі ў гатэлі «Пекін» у Менску сабраў больш за тысячу чалавек. У выніковай рэзалюцыі пастанавілі патрабаваць скасавання абмежавальных захадаў для дробнага бізнэсу непасрэдна ў Лукашэнкі ды правесці 15 лютага мітынг на плошчы Бангалор у Менску. Многія лідары прадпрымальнікаў не пагадзіліся з рэзалюцыяй форуму і заклікалі калег аб'ядноўвацца і выходзіць на галоўную Плошчу краіны.

Апошнія навіны