BE RU EN

Сёння заканчваецца прэвентыўны нагляд за Мікалаем Аўтуховічам

  • 8.02.2016, 10:57

З заўтрашняга дня ваўкавыскаму прадпрымальніку ўжо не трэба будзе адзначацца ў мясцовым РАУС.

8 лютага сканчаецца тэрмін прэвентыўнага нагляду за ваўкавыскім палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Такую пастанову 4 лютага прыняў Ваўкавыскі раённы суд.

Са слоў Мікалая Аўтуховіча, сёння раніцай ён яшчэ хадзіў адзначацца ў мясцовы РАУС. Віншаванняў пакуль не прымае, бо наперадзе цэлы дзень.

- Вельмі намагалі, каб менавіта сёння я прыйшоў адзначыцца ў міліцыю. Ну я і схадзіў - нічога асаблівага не было. Праўда, яшчэ сёння ўвечары да 24 гадзін міліцыянты могуць прыехаць дадому і праверыць, ці знаходжуся я на месцы. Цікавае супадзенне: мяне арыштавалі 8 лютага і свабодным я таксама раблюся з 8 лютага, - паведамляе «Радыё Свабода» словы Мікалая Аўтуховіча.

Пад прэвентыўныя наглядам Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся 22 месяцы. Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса на 5 гадоў і два месяцы пазбаўлення волі. Пасля вызвалення ў красавіку 2014 над ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. 17 ліпеня 2015 года пастановай Ваўкавыскага раённага суда прэвентыўны нагляд быў скасаваны. Аднак ужо 5 жніўня гарадзенская абласная калегія суддзяў перагледзела пастанову Ваўкавыскага суда, і 6 жніўня ў Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім прэвентыўны нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула пастанову Ваўкавыскага суда без зменаў.

Апошнія навіны