BE RU EN

Жыхар Магілёва, пазбягаючы падаткаў, пад выглядам прыватнага дома будаваў гатэль

  • 5.02.2016, 11:25

Уладальнік гатэля таксама атрымаў льготны крэдыт на жыллё, як малазабяспечаны.

"Супрацоўнікі УБЭП УУС праводзілі праверку ўводу ў эксплуатацыю аб'ектаў нерухомасці ў Магілёве. Шукалі пэўны карупцыйны складнік пры выдзяленні, рэгістрацыі, афармленні аб'ектаў. Правяралі законнасць будаўніцтва вялікага будынка ў некалькі паверхаў. Паводле дакументаў - у эксплуатацыю уводзіўся аднакватэрны жылы дом. У рэальнасці - гэта быў гатэль з 32-ма пакоямі. На гэта паказвалі 32 абсталяваныя санітарныя вузлы. І ўсё гэта ў аднакватэрным жылым доме. Агульная плошча будынка - амаль 1400 метраў квадратных", - паведаміў часовы выканаўца абавязкаў начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў.

Для будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома патрабуюцца адныя тэхнічныя ўмовы. Для ўводу ў эксплуатацыю гатэлю нормы зусім іншыя, іншыя захады бяспекі. Пры будаўніцтве дома ў прыватных мэтах грамадзяніну даюцца пэўныя прэферэнцыі ад дзяржавы. Пры будаўніцтве дома і гатэля, які будуецца ў камерцыйных мэтах, формы выліку падаткаў розныя.

Прадпрымальніку прапанавалі заплаціць дзяржаве падаткі, якія ён павінен быў унесці ў скарбніцу паводле закону пры будаўніцтве будынка як гатэльнага комплексу. Супрацоўнікі падатковай службы налічылі амаль 280 млн рублёў. У праваахоўнікаў на руках былі матэрыялы праверкі. Прадпрымальніку ўсё патлумачылі. Ён з сумай падатку пагадзіўся і паклаў у касу 280 млн рублёў. Аднак, пазней грошы забраў, заявіўшы, што плаціць падатак будзе толькі праз суд, і роўна столькі, колькі яму прысудзяць, распавёў міліцыянт.

"Калі чалавек несумленна паступае, значыць, мог рабіць так неаднаразова. У выніку была знойдзеная сістэма. Плённая праца ўсіх праваахоўных органаў дала свае вынікі. Устаноўлена, што прадпрымальнік з жонкай будаваў яшчэ і кватэры. Пры гэтым выкарыстаў льготныя ўмовы, падаваў загадзя хлуслівыя дакументы, «якія пацвярджаюць» факт малазабяспечанасці", - распавёў Аляксандр Васільеў.

Цяпер накладзены арышт на ягоную маёмасць: гатэль, які паводле папярэдніх ацэнак каштуе амаль 1 млн даляраў ЗША.

Раней УБЭП УУС Магілёўскага аблвыканкама высветліў, што бізнэсовец са сваёй жонкай, жыхары Магілёва, "маючы значны даход ад прадпрымальніцкай дзейнасці і з'яўляючыся забяспечанымі грамадзянамі, наўмысна прынізілі агульны даход і маёмаснае становішча сваёй сям'і і падалі недакладныя звесткі ў адпаведныя арганізацыі, паводле якіх іх сям'я ў складзе пяці чалавек нібыта належыць да катэгорыі малазабяспечаных". На падставе пададзеных дакументаў ім была дадзеная бязвыплатная субсідыя на будаўніцтва жылога памяшкання ў Магілёве, а таксама адпаведная фінансавая дапамога дзяржавы, прызначаная для выплаты ільготнага крэдыту.

У дачыненні да абвінавачаных, 1965 і 1968 гадоў нараджэння, ужытая мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Апошнія навіны