Беларускія «Dzieciuki» праспявалі «За нашу і вашу Свабоду!»
- 4.02.2016, 9:37
Гурт «Dzieciuki» запісаў сінгл да 270-годдзя Тадэвуша Касцюшкі.
Напярэдадні выхаду новага альбома «Рэха» гарадзенскі гурт прэзентаваў на Tuzin.fm песню «Тадэвуш Касцюшка».
«Dzieciuki» адмыслова падгадалі дату прэм'еры - менавіта 4 лютага 1746 года ў сядзібе Марачоўшчына на Берасцейшчыне нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой Беларусі, ЗША і Польшчы.
У яго гонар ставяць помнікі, называюць вуліцы, плошчы, паркі, масты, горы, нават востраў і горад былі названыя ў яго гонар. Свой уклад ва ўвекавечанне земляка робяць і гарадзенскія музыкі.
«Для нас Тадэвуш Касцюшка - увасабленне гонару і годнасці народа, які жыве на той самай зямлі, якая дала яму жыццё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з нас - тых, хто шукае лепшага і справядлівага», - заяўляе гурт «Dzieciuki» з нагоды прэм'еры песні.
«Тадэвуш Касцюшка» ўвойдзе ў новы альбом «Рэха», рэліз якога запланаваны на канец лютага.
Непасрэдна «Касцюшка» і іншыя песні гурту можна будзе пачуць падчас іх сэту на прэміі «Даём рады» 27 лютага, а таксама на прэзентацыі альбома 12 сакавіка ў Беластоку. Удакладняецца таксама дата і месца менскага канцэрта.
Радзімай ён лічыў наш палескі край.
Праслыў ён ваяром сярод варожых зграй.
І псы-маскалі, і ангельскія сабакі
Вылі, калі ім надзіралі сракі!
І ў Рацлавіцкай бітве, і пад Саратогай
Трымаўся берасьцейскі шляхціц годна!
І ордэн Цынцыната і «Віртуці Мілітары»
На грудзёх ня ўсе насілі генэралы!
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!
І чарнаскурых слуг і сялян прыгонных
Касьцюшка адпусьціў на волю.
Бо ўсё жыцьцё лічыў, што роўныя правы
Ад нараджэньня дадзены вялікім і малым!
Ня важна каму – людзям ці народам –
Калі маюць мужнасьць, калі маюць гонар!
І кожны народ мае права на свабоду!
І заклікаў Касьцюшка, сын трох народаў:
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!
За нашу і вашу свабоду!