BE RU EN

Чыноўнік, які адседзеў за хабар чабурэкамі, стаў дырэктарам камбіната хатняй працы

  • 2.02.2016, 19:09

Былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч кіруе прадпрыемствам з пачатку месяца.

Са слоў работнікаў прадпрыемства, да працы Ігар Стасевіч прыступіў 1 лютага.

- У пятніцу, 29 студзеня, яшчэ ніхто не ведаў аб змене кіраўніцтва. Хадзілі толькі чуткі, што будзе прызначанае новае начальства. А ў панядзелак, 1 лютага, нам афіцыйна прадставілі Ігара Іванавіча як дырэктара, - распавёў Intex-press адзін з працаўнікоў камбіната.

З самім новым дырэктарам пагаварыць не ўдалося - ён быў заняты цэлы дзень. У прыёмнай прадпрыемства інфармацыю аб прызначэнні Ігара Стасевіча дырэктарам пацвердзілі.

Спачатку гэтую пасаду займаў Мікалай Міцкевіч. Цяпер ён прызначаны галоўным інжынерам камбіната.

У 2014 годзе Ігара Стасевіча асудзілі на 5,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці паводле абвінавачвання ў хабарніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Стасевіча абвінавачвалі ў тым, што ён з красавіка 2012 да сакавіка 2013 года, быўшы намеснікам старшыні гарвыканкама, браў хабар пірагамі, чабурэкамі, піражкамі, піцай ды іншымі прадуктамі. Пазней са Стасевіча знялі абвінавачванні ў хабарніцтве і знізілі тэрмін пакарання да 3 гадоў.

Дарэчы, у студзені 2016 года з-пад турэмнага зняволення быў вызвалены яшчэ адзін былы чыноўнік - экс-намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў, паведамляе tut.by. Са слоў чыноўніка, ён выйшаў на свабоду паводле пастановы Лукашэнкі. Аляксандр Архіпаў прызначаны старшынём калгасу «Пятровічы».

Апошнія навіны