BE RU EN

Рассельгаснагляд адхіліў беларускія малочныя вырабы

  • 18.02.2016, 20:50

У беларускай малочнай прадукцыі перавышаная масавая дзель кансэрвантаў і выяўлены мэтранідазол.

Управа Рассельгаснагляду Бранскай і Смаленскай абласцей скасавала дэкларацыі аб адпаведнасці на малочную прадукцыю, вырабленую шэрагам беларускіх прадпрыемстваў. Лабараторныя даследаванні ўстановы паказалі неадпаведнасць малочнай прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза: перавышаная масавая дзель кансэрвантаў і выяўлены мэтранідазол, паведамляе onliner.by.

Парушэнні былі выяўленыя ў сырах СААТ «Белавежскія сыры», філій «Слуцкага сыраробнага камбіната», ААТ «Баранавіцкі малочны камбінат», Браслаўскай філіі «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», ААТ «Малочны свет», ААТ «Мілкавіта», ААТ «Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат», Бярэзінскай філіі ААТ «Здравушка-мілк», ААТ «Шчучынскі масласырзавод», ААТ «Малочная кампанія «Наваградскія дары». У іх была перавышаная масавая частка кансэрванта натрый азотнакіслы.

А ў сухім абястлушчаным малацэ Капыльскай і Любанскай філій ТАА «Слуцкі сыраробны камбінат» знайшлі мэтранідазол.

Матэрыялы аб гэтых фактах адпраўленыя ў расейскую Федэральную службу акрэдытацыі і ў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі. Спецыялісты Рассельгаснагляду мяркуюць, што вынікі сведчаць аб недастатковым узроўні арганізацыі лабараторнага кантролю на прадпрыемствах.

Апошнія навіны