У Беларусі з'явіцца ракетны комплекс далёкасцю больш за 200 км
- 15.02.2016, 16:08
Лукашэнка хоча мець зброю, якой "можа нанесці непрымальную шкоду гіпатэтычнаму апаненту".
Беларускія вайскоўцы разлічваюць у 2016-2017 гадах стварыць ракетны комплекс далёкасцю больш за 200 км, паведамляе БелТА. Пра гэта сёння паведаміў Аляксандру Лукашэнку старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.
Правадыр быў праінфармаваны аб выкананні ягонага даручэнняў аб развіцці ракетабудавання ў Беларусі. Цяпер Дзяржкамваенпрам супольна з Мінабароны працуе над стварэннем ракетнага комплексу залпавага агню далёкасцю больш за 200 км.
Лукашэнка нагадаў, што Вайсковая дактрына Беларусі мае абарончы характар. У той жа час "трэба мець зброю, якая б усё ж перасцерагала патэнцыяльнага супраціўніка ад таго, каб ваяваць з Беларуссю".
"Мы павінны мець зброю, якой можа ўчыніць непрымальную шкоду гіпатэтычнаму супраціўніку", - перакананы Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ім была вызначаная задача для развіцця ракетных тэхналогій. У выніку створаныя ракетныя сістэмы залпавага агню "Паланэз". Яны ўжо прынятыя на ўзбраенне і будуць пастаўленыя ў войскі да 1 ліпеня.