BE RU EN

Эканамістка: Наступны крок - забарона на вываз грошай за мяжу

  • 14.02.2016, 17:51

Праз нястачу валюты ў краіне, беларускія ўлады панічна баяцца паездак сваіх грамадзян на шопінг за мяжу.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавяла эканамічная аглядальніца Ірына Крыловіч, каментуючы новы ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні бязмытнага ўвозу міжнародных пасылак у Беларусь.

- Наколькі эканамічна эфектыўнымі могуць быць гэтыя крокі? Ці прынясуць яны вынікі ўладам, ці ж людзі пачнуць абыходзіць новыя правілы - напрыклад, замаўляць пасылкі ў Смаленск і прывозіць іх у Беларусь адтуль?

- Вядома, людзі пачнуць спрабаваць абыходзіць гэтыя забароны - яны звыклі так жыць доўгія гады. Іншая справа, што гэтыя каналы праз Расею таксама могуць быць праблематычнымі, бо ў Расеі таксама расце кантроль за паступленнем пасылак.

Прычыны такіх дзеянняў улады відавочныя, і я нават прагназавала нешта такое, калі выйшаў дэкрэт аб падаткаабкладанні ўкладаў. У краіне не стае валюты, фундатары трымаюць грошы ў банках пераважна ў валюце, і дзяржава баіцца, што ў свой час не зможа з імі расплаціцца, калі раптам усе пачнуць здымаць свае ўклады. Але падаткаабкладанне дэпазітаў прывяло да таго, што людзі здымаюць свае грошы з банкаў і зноў захоўваюць іх у панчохах. Гэта азначае, што яны будуць спрабаваць неяк гэтыя грошы вывезці або выдаткаваць іх за мяжой.

Таму ідэя неяк абмежаваць увоз тавараў з-за мяжы ўжо лунала сярод кіраўніцтва. Яны хацелі прыдумаць новы падатак, але гэта не дазвалялі зрабіць міжнародныя пагадненні і эканамічная логіка. Таму гэта першы крок. Але не апошні...

- І якія вашы версіі - што можа быць далей?

- Я думаю, магчыма, пачнецца кантроль за вывазам валютных сродкаў за мяжу. Цяпер можна свабодна вывозіць 10 тысяч. Магчыма, будзе зніжаная сума, пачнуць часцей даглядаць на мяжы - каб людзі адчувалі сябе няўтульна, і як мага менш грошай вывозілі гатоўкай. Можа ўзмацніцца кантроль за пераводамі за мяжу, выкарыстаннем картак за мяжой. Могуць увесці нейкія дадатковыя камісіі за разлікі карткай за мяжой.

Апошнія навіны