BE RU EN

У Менску прапануюць купіць футболкі «Галакост»

  • 14.02.2016, 16:33

Невялікі павільён у адным з гандлёвых цэнтраў Менска рэкламуе свае паслугі пры дапамозе вельмі скандальных прынтаў.

Футболку з надпісам, дзе абыгрываецца лагатып і назва фірмы Lacoste, выявіла ў цэнтры Менска культуролаг і літаратарка Юлія Чарняўская.

Адзін з чытачоў Юліі Чарняўскай у Facebook, блогер Марк Бэрнштэйн наважыў спраўдзіць, ці няма ў гэтым якой-небудзь памылкі.

«Так, на цокальным паверсе гандлёвага цэнтра на Нямізе, 3 я знайшоў гэтую крамку. Спярша я гэтую футболку не заўважыў, нават падумаў, што яе прыбралі. Але потым знайшоў на вітрыне. Яна вельмі маленькая, выкарыстоўваецца ў якасці рэкламнага ўзору. Але калі вы выбераце гэты ўзор, вам гэты прынт нанясуць на футболку ўсякага памеру», - распавёў ён tut.by.

Паводле ягоных слоў, ён не стаў удакладняць у прадаўца, ці ведае яна, што такое Галакост, і проста пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў.

Блогер мяркуе, што наўрад уладальнікі крамы з'яўляюцца антысемітамі, болей - невукамі.

«Мабыць, у іх багатая калекцыя малюнкаў, і ў ёй ёсць гэты прынт», - выказаў меркаванне ён.

Тым не менш Марк Бэрнштэйн перакананы, што гэткае невуцтва трэба караць - калі не прымусовым вывучэннем гісторыі, то ўсеагульным асуджэннем.

Апошнія навіны