Эканаміст: Расейскі крэдыт Лукашэнку ўжо не дапаможа
- 12.02.2016, 17:50
Дзейная мадэль эканамічнага «развіцця» і тыя людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, вычарпалі ўсе свае магчымасці.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Салiдарнасці» заявіў эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін, адказваючы на пытанне, як доўга чыноўнікі будуць выкарыстоўваць упадабаныя «драконаўскія захады», каб залатаць дзіркі ў бюджэце.
- Прадаўжацца гэта будзе датуль, пакуль яны бюджэт не збалансуюць, - растлумачыў сітуацыю экспэрт. - У сувязі з тым, што вельмі моцна асеў экспарт, асабліва ў Расею, дзе падзенне склала прыблізна 30%, дзяржаве трэба прывесці ў адпаведнасць даходную і расходную частку.
Менавіта таму, на думку экспэрта, цяпер ідзе гаворка аб скарачэнні выдаткаў на субсідаванне ЖКГ, а таксама будаўнічай сферы.
- Няма грошай, валютных паступленняў, бо нашы прадпрыемствы-флагманы плацяць менш падаткаў, чым плацілі раней, - заўважае ён. - Заробкі таксама не растуць, а значыць - сума падаходнага падатку падае. Вось гэтыя ўсе дзіркі і трэба неяк затыкаць.
Са словаў экспэрта гэтую праблему можна было развязаць больш эфектыўнымі дзеяннямі, структурнымі рэформамі беларускай эканомікі, але беларускія чыноўнікі робяць па-свойму.
- Часам гэта крокі вельмі дзіўныя, як, напрыклад, падатак на дармаедства, - прадаўжае Уладзімір Кавалкін. - Гэта ж тычыцца і апошніх новаўвядзенняў з пасылкамі. Зразумела, што чыноўнікі хочуць такім чынам абмежаваць імпарт нібыта няякасных тавараў, якія перашкаджаюць развіццю айчыннай прамысловасці. Аднак відавочна, што гэтым шляхам праблему не развязаць, бо людзі не стануць купляць беларускія тавары, а пачнуць вазіць гэтыя тавары праз Вільню, Варшаву і Маскву, дзе ніякіх абмежаванняў няма.
На думку экспэрта, усе гэтыя захады не зачыняць тыя дзіркі ў бюджэце, якія ўтварыліся праз падзенне экспарту і спад беларускай эканомікі:
- Гэта толькі раззлуе людзей, якія сыдуць у «шэры» сектар і ценявую эканоміку, а дзяржава не толькі з гэтага не атрымае дадатковых бюджэтных паступленняў, але яшчэ і страціць.
У выніку ўладам давядзецца ісці на далейшыя крокі - падымаць акцызы на бензін і алкаголь, што дазволіць хаця б крыху папоўніць казну, мяркуе Уладзімір Кавалкін:
- Наўрад ці гэта ўсё скончыцца нават у выпадку атрымання расейскага крэдыту, бо прычына яе ў тым, што дзейная мадэль эканамічнага развіцця і тыя людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, вычарпалі ўсе свае магчымасці.