Вадзім Іосуб: «Увядзенне лімітаў на пакупкі за мяжой нашкодзіць беларускай эканоміцы»
- 12.02.2016, 9:54
Палітыка гандлёвага пратэкцыянізму неэфектыўная.
Памяншэнне ліміту на пасылку без пошліны амаль у дзесяць разоў, пяціразовае скарачэнне ліміту на ўвоз тавараў з-за мяжы - гэтыя навіны выклікалі шквал эмоцый у людзей.
Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у інтэрв'ю onliner.by называе прынятыя захады палітыкай XVI-XVII стагоддзяў.
- Гэта называецца палітыкай гандлёвага пратэкцыянізму. У XVI-XVII стагоддзях еўрапейскія краіны спрабавалі максімальна абмежаваць спажыванне замежных тавараў, абкладвалі іх непасільнымі пошлінамі, уводзілі розныя абмежаванні, каб золата не сыходзіла з краіны. Але вось ужо не адну сотню гадоў у свеце палітыка гандлёвага пратэкцыянізму прызнаецца неэфектыўнай.
Гэтая мера кансервуе тэхналагічнае адставанне, бо супрацьдзейнічае канкурэнцыі. Навошта беларускім вытворцам цяпер павышаць якасць і зніжаць кошт, калі пры максімальным абмежаванні кітайскіх тавараў іх прадукцыю і так купяць? Акрамя таго, гэтая мера заахвочвае тых, хто вырабляе дарагое і няякаснае, і, наадварот, карае тых, хто вырабляе таннае і дыхтоўнае.
- Якім чынам?
- Возьмем тэлевізар: раней пакупнік мог прывезці з-за мяжы недарагую мадэль за $150-200, а астатнія грошы выдаткаваць, да прыкладу, на беларускія прадукты - тыя, якія ён любіць і з задавальненнем купляе без прымусу. Цяпер жа кошт беларускага тэлевізара, які яго не задавальняе якасцю, $200-300. Але выбару не было, і ён гэты тэлевізар купіць. У пакупніка застанецца менш грошай на добры і якасны беларускі прадукт ад добрых і якасных вытворцаў. У выніку мы заахвоцілі дрэнных і пакаралі добрых.
- Ці могуць дапамагчы гэтыя захады беларускай эканоміцы? Ці такая фатальная сітуацыя з пасылкамі і купляй тавараў за мяжой, каб уводзіць пошліны і ўразаць ліміты?
- У кароткатэрміновай перспектыве карысць ёсць: больш валюты застанецца ў краіне. Але пры гэтым, як я ўжо казаў, кансервуецца структурнае адставанне, нізкая якасць прадукцыі. Больш за тое, прыбіраюцца стымулы, каб нешта мяняць. У рынкавай эканоміцы неэфектыўную вытворчасць, як правіла, банкрутуюць. І рэсурсы ідуць туды, дзе атрымліваецца танна і якасна. А так кансервуецца неэфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў. Прыдумляюць, як бы прымусіць нас карыстацца дарагімі і няякаснымі таварамі замест таго, каб наладзіць вытворчасць недарагіх і якасных. Агулам гэта доўгатэрміновая шкода для эканомікі.
Нагадаем, учора Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №40. З тэксту дакумента вынікае, што ўвоз у Беларусь тавараў коштам звыш 300 еўра часцей чым раз на квартал будзе абкладацца мытнымі плацяжамі.
Акрамя таго, указ №40 змяніў велічыні лімітаў на пасылкі без пошліны. Сума скарачаецца амаль у 10 разоў, а вага - утрая.
Пры перавышэнні ліміту пошліна складае 30%, але не менш як 4 еўры за 1 кг (спаганяецца з сумы перавышэння парога).
Указ Лукашэнкі ўступіць у дзеянне праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. Ліміт 200 еўраў пратрымаўся ўсяго паўтара года.