BE RU EN

Гомельскія ІП: Трэба збірацца ля адміністрацыі Лукашэнкі

  • 11.02.2016, 21:42

Гомельскія прадпрымальнікі мяркуюць, што патрэбныя акцыі пратэсту, але толькі каб усе разам, салідарна.

Паўтары месяца доўжыцца маўклівая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў на гомельскіх базарах. Далёка не ўсе з іх могуць атрымаць сэртыфікаты на кожны тып тавару, як таго патрабуе ўказ №222, нагадвае «Радыё Свабода».

11 лютага ў першай галерэі Прудкоўскага рынку, дзе налічваецца 60 гандлёвых месцаў, апоўдні працавала толькі двое прадпрыемцаў. У іншых галерэях - прыкладна трэцяя ці чацвёртая частка.

«Больш за месяц сядзела дома. Выйшла на свой страх і рызыку гандляваць. На асобныя тавары ёсць сэртыфікаты, на іншыя - не. У мяне тры гандлёвыя пункты, трэба плаціць арэнду, а няма чым. І сям'ю трэба карміць. Двое дзяцей вучацца, а «Гомельдрэў», дзе муж працуе, - там усё абы-як. Такое засмучэнне ў душы, што плакаць хочацца. А нас яшчэ бандытамі Лукашэнка называе. Гэта абраза найвышэйшай катэгорыі. Гэта ў душы спараджае толькі супраціў», - кажа прадпрымальніца Вера.

Жанчына мае вышэйшую адукацыю, яна выхавацелька. Прадпрымальніцтвам занялася, калі садкі ў горадзе пачалі зачыняць:

«Апошнім часам у сувязі з падзеямі ва Украіне меркавала, што трэба патрываць дзеля той жа стабільнасці ў грамадстве. Датрывала! Дробны бізнэс цяпер не толькі заціснулі - наступілі на горла».

Прадпрыемец, які гандлюе красоўкамі, на абвінавачванне ў бандытызме рэагуе так: «Улада - гэта і ёсць бандыты. Калі ў краіне няма працы, то людзі самі б варушыліся. А тут - заціскаюць. Няясна усё гэта».

Прадпрымальнік Пётра мае сэртыфікаты. І не пагаджаецца з тым, што ўлада абвінавачвае прадпрымальнікаў у заняпадзе айчыннай лёгкай прамысловасці, у гандлі рыззём, злачынствах і бандытызме:

«Рыззём мы не гандлюем - у нас новы тавар. І мы - не бандыты. А хто так думае, то, напэўна, раўняецца на сябе. Ён не адзяваецца ў айчынных крамах з айчынным адзеннем і на самаходах айчынных не ездзіць, а хоча, каб гэта толькі мы рабілі. Мы не супраць прадаваць і айчынныя тавары, але прапануюць яго гуртавікі ў два разы даражэй, чым у той жа Расеі. Хто ж яго купіць у нас, калі людзі і без таго ледзь канцы сточваюць? А лёгкую прамысловасць трэба ўзнімаць - спецыялістаў завозіць, калі свае не цямяць, абсталяванне добрае завозіць, тэкстыль. Хай прадпрымальныя ствараюць малыя прадпрыемствы - даць ім дарогу, а не ціснуць».

«Чыноўнікі думаюць, што мы тут грошы аграбаем. Тут, калі за дзень пару абутку прадасі, то і дзякуй Богу. Беларускі тавар ляжыць - усё дарагое. Калі мы закупім усё беларускае, то людзі будуць толькі глядзець на яго і думаць: спачатку хлеба трэба купіць, а то і на хлеб не застанецца», - перакананая прадпрымальніца Таццяна з Прывакзальнага базару.

На абразы Лукашэнкі прадпрымальніца толькі махае рукой: «Як нас толькі не абзывалі! Мы на гэта не рэагуем. Дрэнна, што Анатоль Шумчанка з «Перспектывы» мітынг скасаваў. Ён, здаецца, толькі свае інтарэсы абараняе, аб сваёй кар'еры думае».

У сярэдзіне Прывакзальнага базару адчыненыя два кіёскі. У адным з іх жанчына сартуе абутак, на некаторы ёсць сертыфікат, а на нейкі - не. Тут жа сабралася купка прадпрымальнікаў.

«Чыноўнікі - вось дзе бандыты, бо давялі ўжо да таго, што хочацца з'ехаць на ўскрай зямлі», - ледзь стрымлівае сябе адна з прадпрымальніц.

Суседка яе дапаўняе:

«Паглядзіце наўкол - хто на базарах гандлюе? Жанчыны! Шмат хто з іх – самотныя маці. З кім ваюе ўлада?

З тымі, хто спраўна плаціць падаткі, з тымі, хто знайшоў сабе працу, хто нічога для сябе не просіць у чыноўнікаў, абы не заміналі!»

Прадпрымальніца, што перабірае абутак, нечакана дадае: «З мастацкай школы дзяцей ужо забіраем, бо не можам заплаціць 320 тысяч. Дык што - гэта нармальная дзяржава? І што хадзіць на «Пруды» пратэставаць, як прапануюць некаторыя? Трэба ў цэнтры збірацца!»

Амаль пуставалі 11 лютага гандлёвыя рады на рэчавым рынку "Цэнтральны". Гандлявалі толькі некалькі прадпрымальнікаў зімовымі галаўнымі ўборамі і джынсамі, а на паўночнай частцы базару сёй-той прадаваў валізкі і дзіцячыя тавары, на які сэртыфікацыя патрабавалася яшчэ пятнаццаць гадоў таму.

«Сэртыфікаты ёсць, а працаваць немагчыма - пакупнікоў няма. Гэта агідна: мы беларускія людзі, а нас называюць бандытамі. У каго мы што скралі? Каго мы абрабавалі?» - абураецца прадпрымальніца Жанна.

Насупраць яе гандлюе беларускімі жакетам і швэдрамі ў невялікім асартыменце яшчэ адна прадпрымальніца. Кажа, што знарок набыла сёе-тое з беларускага тавару, каб мець магчымасць зарабіць хоць нейкую капейчыну, бо іншага даходу сям'я не мае:

«Ідзеш па паўднёвай частцы рынку, а там толькі вароны крумкаюць - уражанне такое, што ідзеш праз могілкі.

Мы проста ў шоку! Плацім падаткі, плацім у фонд сацыяльнай абароны, плацім за арэнду, кормім свае сем'і, у дзяржавы нічога не просім - і мы бандыты? А бандытам няма за што жыць, бо ўжо другі месяц без працы».

Жанчыны мяркуе, што патрэбныя акцыі пратэсту, але толькі каб усе разам, салідарна. Спадзяюцца, што хоць у такіх варунках улада возьмецца за розум.

«Ніякіх мітынгаў на «Прудах», на балоце, на Бангалор! Трэба ехаць у Менск і збірацца каля Адміністрацыі Лукашэнкі. З усёй Беларусі збірацца! Эканоміку Беларусі ён уходаў, а цяпер не ведае, дзе і што ўварваць. Прадпрымальнікі ў нейкай меры незалежныя людзі, яны не стаяць перад кіраўніком з працягнутай рукой: «Дай, дай, дай!» Мы хочам працаваць і ні ў каго не прасіць падачкі», - катэгарычна заяўляе прадпрыемец Уладзімір, які перажыў ужо не адну хвалю ўладнага ціску на малы бізнэс.

Апошнія навіны