BE RU EN

У Беларусі затрымалі групоўку тэлефонных «хакераў»

  • 11.02.2016, 12:59

Абсталяванне зламыснікаў дазваляла запісваць тэлефонныя размовы грамадзян, шкода ад іх дзеянняў склала не менш 370 мільёнаў рублёў.

Супрацоўнікі УУС Менаблвыканкама сумесна з КДБ Беларусі спынілі дзейнасць групоўкі грамадзян, якая займалася дэтэрмінацыяй тэлефоннага трафіку - незаконным перанакіраваннем званкоў з-за мяжы беларускім абанентам, абыходзячы сеткі «Белтэлекама», паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.

Зламыснікі выкарысталі спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне і сім-карты аператараў сотавай сувязі, каб замежнікі маглі тэлефанаваць у Беларусь паводле тарыфаў, ніжэйшых за ўстаноўленыя.

«Яны прапускалі тэлефонны трафік для абанентаў Беларусі, абмінаючы ўстаноўленыя тарыфныя планы і парадак перанакіравання званкоў, гэта значыць у абыход рэгламентаваных правілаў, наносячы тым самым шкоду аператару сувязі РУП «Белтэлекам», - сказалі ва УУС.

Паводле звестак міліцыі, абсталяванне зламыснікаў дазваляла не толькі прапускаць званкі, але і фіксаваць тэлефонныя размовы, што парушала канстытуцыйныя правы грамадзян на таямніцу асабістага жыцця і перапіску.

Паводле ацэнак аператыўнікаў, нанесеная групоўкай шкода складае не менш 371 мільёна рублёў.

Ва УУС адзначылі, што па гэтым факце ўправай Следчага камітэта Менскай вобласці распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 216 КК Беларусі - «Нанясенне шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асоб на папярэднюю змову».

Апошнія навіны