NATO ўзмацняе вайсковую прысутнасць у Чорным моры
- 10.02.2016, 19:03
NATO сочыць за сітуацыяй у рэгіёне, ацэньваючы магчымыя наступствы для краін-чальцоў Альянсу.
Пра гэта сказаў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на сайт Альянсу.
"NATO узмацніла прысутнасць у Чорным моры, і мы ўважліва сочым за развіццём падзей у рэгіёне. Мы павялічылі нашыя вайскова-марскія сілы, нашыя выведвальныя самалёты AWACS базуюцца ў Румыніі, Балгарыі і недалёка ад Чорнага мора ў Турцыі", - сказаў Столтэнбэрг.
"Мы ўвесь час ацэньваем падзеі ў Чорным моры, уключаючы наступствы для NATO, і адаптуемся. Гэта менавіта тое, што мы робім, калі мы нарошчваем сваю прысутнасць і нашыя намаганні, калі справа даходзіць да назірання, рэкагнасцыроўкі і выведкі ў гэтым рэгіёне", - дадаў ён.
Раней паведамлялася, што NATO можа накіраваць батальёны вайскоўцаў у Эстонію, Латвію, Літву, Польшчу, Румынію і Балгарыю.