BE RU EN

WADA выкрыла больш за тысячу расейскіх спартоўцаў ва ўжыванні допінгу

  • 9.12.2016, 14:42

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва падало другую частку дакладу пра допінг у Расеі.

Больш за тысячу расейскіх спартоўцаў у летніх, зімовых і паралімпійскіх тыпах спорту былі наўпрост задзейнічаныя ў маніпуляцыях з допінгам ці перамаглі праз іх, гаворыцца ў другой частцы дакладу канадскага юрыста Рычарда Макларэна, якую ён падрыхтаваў для Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, паведамляе расейская служба BBC.

Экспэрты ў другім дакладзе пацвердзілі падмену допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе.

Аднак, на думку Макларэна, тэхнікі падмены спроб і ўтойвання допінгу пасля Сочы сталі звычайнай практыкай для Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі і выкарыстоўваліся ў шматлікіх летніх і зімовых тыпах спорту.

Першую частку дакладу Макларэн падаў 18 ліпеня.

Следчы камітэт Расеі ў чацвер абяцаў правесці праверку довадаў, выкладзеных у дакладзе Макларэна пра ўжыванне допінгу ў Расеі.

У першай частцы даклада ВАДА гаворыцца пра тое, што ў Расеі была створаная цэлая сістэма ўтойвання станоўчых допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў.

Паводле высноваў Макларэна, маніпуляцыямі з аналізамі кіравала міністэрства спорту Расеі пры садзейнічанні ФСБ, Цэнтра падрыхтоўкі расейскіх спартоўцаў і антыдопінгавых лабараторый ў Маскве і Сочы, дзе ў 2014 годзе прайшлі Алімпійскія гульні. Пры гэтым у дакладзе не называлася імя Віталя Мутко, які тады займаў пасаду міністра спорту.

У ВАДА сцвярджалі, што гэтая сістэма дазволіла спартоўцам, якія прымаюць допінг, удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы.

У дакладзе Макларэна вывучаліся абвінавачванні, вылучаныя сёлета былым кіраўніком маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгорам Родчанкавым, які ў траўні распавёў пра сістэму падмены допінг-пробаў.

Паводле вынікаў дакладу ВАДА рэкамендавала адхіліць Расею ад удзелу ў Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Пастанова МАК

Міжнародны Алімпійскі камітэт наважыў не адхіляць расейскую нацыянальную каманду ад удзелу ў гульнях у Рыа, якія прайшлі ў жніўні. Пастанову аб допуску спартоўцаў МАК даручыў спартовым федэрацыям.

У выніку МАК дапусціў да ўдзелу ў гульнях блізу 270 расейскіх спартоўцаў. Не змагла ўдзельнічаць у гульнях расейская нацыянальная каманда ў лёгкай атлетыцы.

МАК таксама ўвёў супраць Расеі санкцыі, якія былі падоўжаныя ў пачатку снежня. У рамках санкцыйнага рэжыму МАК не можа арганізоўваць або быць патронам якіх-небудзь спартыўных мерапрыемстваў або сустрэч у Расеі.

У жніўні Следчы камітэт паведаміў, што ВАДА не падала довадаў ужывання допінгу расейскімі спартоўцамі або датычнасці да гэтага спартовых чыноўнікаў, нягледзячы на накіраваныя расейскім бокам запыты.

У Расеі таксама была распачатая крымінальная справа супраць Родчанкава, якога расейскія праваахоўнікі абвінавачваюць у знішчэнні допінг-пробаў.

Апошнія навіны