BE RU EN

У Кіеве выявілі кватэру са скарбамі збеглага Азарава

  • 8.12.2016, 17:54

Знаходкі ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў даляраў.

Кіеўская паліцыя выявіла кватэру з каштоўнымі рэчамі і творамі мастацтва экс-прэм'ера Мікалая Азарава, які ўцёк у Расею.

Пра гэта паведаміў в. а. кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Вадзім Траян у Facebook.

«Дзясяткі абразоў і рэлігійных кніг, датаваных XIX стагоддзем, арыгіналы (згодна з высновамі экспэртаў) твораў жывапісу Іллі Рэпіна, Васіля Трапініна і Нікаса Сафронава. А яшчэ сталовае срэбра, памятныя манеты, узнагародная зброя з дазволамі на імя прэм'ера-ўцекача і нават казацкая шабля», - адзначыў Траян.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кошт знаходкі ацэньваецца ў некалькі мільёнаў даляраў.

«Таксама ў кватэры былі знойдзеныя ўзнагароды і віншаванні ад кіраўніцтва РФ, якія палітэмігрант-лузер атрымліваў нават падчас трагічных падзей Рэвалюцыі годнасці», - паведаміў Траян.

28 лістапада генеральны пракурор Юрый Луцэнка заявіў, што не выключае абвяшчэння аб падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе Азарава, які збег у Расейскую Федэрацыю пасля перамогі Майдана.

Апошнія навіны