BE RU EN

У Міжнародным трыбунале патрабуюць пажыццёвага тэрміну для Ратка Младзіча

  • 7.12.2016, 18:51

Пракуроры трыбуналу ў Гаазе заклікалі прысудзіць да максімальнага пакарання баснійска-сербскага генерала Ратка Младзіча.

Пракуроры Міжнароднага трыбуналу для былой Югаславіі патрабавалі прысудзіць баснійска-сербскага генерала Ратка Младзіча да пажыццёвага турэмнага зняволення паводле абвінавачвання ў генацыдзе ў гады вайны ў Босніі, перадае DW.

Младзіч нясе адказнасць за масавае забойства мусульман у Срэбраніцы ў 1995 годзе, і ўсякае пакаранне, менш строгае, чым максімальна магчымае, стала б абразай для ахвяр і правасуддзя, заявіў пракурор Алан Тыджэр на працэсе ў Гаазе ў сераду, 7 снежня.

Іншы пракурор - Пітэр МакКлоскі падкрэсліў кіроўную ролю Младзіча ў арганізацыі выкраданняў і забойстваў больш як 7 тысяч мусульман у Срэбраніцы. Абвяшчэнне прысуду чакаецца ў лістападзе 2017 года.

Ратка Младзіч, якому 74 гады, знаходзіцца пад судом ужо звыш чатырох гадоў. Ён абвінавачваецца ў генацыдзе, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. Баснійска-сербскі генерал адмовіўся прызнаць сябе вінаватым. Цяпер з заключным словам выступіць абарона Младзіча.

Апошнія навіны