BE RU EN

Беларускія фрыстайлісты здабылі тры ўзнагароды на першым этапе Кубка Еўропы

  • 5.12.2016, 19:58

Усе ўзнагароды беларусы здабылі ў другі дзень спаборніцтваў.

Беларускія фрыстайлісты здабылі тры ўзнагароды на першым этапе Кубка Еўропы, які завяршыўся ў фінскай Руцы, паведамляе БелТА.

Спаборніцтвы лятучых лыжнікаў праводзіліся на працягу двух дзён. Усе ўзнагароды беларусы атрымалі ў другі дзень.

Алімпійскі чэмпіён Сочы-2014 Антон Кушнір, які правёў насычаную падрыхтоўку да новага сэзону, здолеў заняць другое месца з сумай 197,39 бала. Пераможцам турніру стаў расеец Максім Бураў — 215,32 бала. Бронзавая ўзнагарода ў яшчэ аднаго беларуса Максіма Гусціка -191,77 бала.

У турніры сярод жанчын беларуска Аляксандра Раманоўская стала сярэбранай прызёркай — 168,69 бала. Яна саступіла аўстралійцы Даніэль Скот — 187,96 бала. Трэцяе месца заняла Вераніка Корсунава з Расеі — 166,95 бала.

У мінулым турніры ў Руцы не было вядучых фрыстайлістаў з ЗША і Кітаю.

У планах каманды Беларусі выступ на першым этапе Кубка свету ў Пекіне 17-18 снежня. Адзін з этапаў Кубка свету ў гэтым сэзоне пройдзе і ў Беларусі — 25 лютага ў спарткомплексе «Раўбічы». Галоўным стартам для падапечных Мікалая Казекі будзе чэмпіянат свету, які з 6 да 19 сакавіка 2017 года прыме гішпанская Сера-Нэвада.

Апошнія навіны