BE RU EN

Навукоўцы патлумачылі, як скарпіён трапіў у баранавіцкую краму

  • 5.12.2016, 16:34

Скарпіён не можа выжыць у беларускіх варунках.

Скарпіён мог трапіць у баранавіцкую краму і пакусаць пакупніка толькі падчас наўпроставых паставак бананаў у Беларусь. Выжыць у варунках, калі бананы даспяваюць на складах, ён не мог. Такое меркаванне ў гутарцы з «Еўрарадыё» выказаў загадчык лабараторыі наземных беспазваночных жывёл НПЦ «НАН Беларусі ў біярэсурсах» Алег Прышчэпчык.

«Наўпроставыя пастаўкі бываюць у летні час, там могуць быць і саранча і павукі. Але ў нас не наўпроставыя пастаўкі, а пастаўкі праз склады. А там ён не мог выжыць цягам многіх месяцаў без кіслароду», - распавёў экспэрт.

Беларускі клімат для скарпіёнаў занадта агрэсіўны, і выжыць тут яны не могуць, дадае навуковец. Паводле ягоных слоў, у Беларусі знаходзілі нават хамелеона, але ён жыў у кагосьці дома і проста збег.

Нагадаем, 30 лістапада стала вядома, што ў баранавіцкай краме пакупніка пакусаў скарпіён. Мужчыну даставілі ў лякарню, але потым адпусцілі. Пазней стала вядома, што вылавіць скарпіёна змагла жонка пацярпелага. Гэты выпадак пацвердзіў начальнік Баранавіцкай гарадской ветэрынарнай станцыі Сяргей Нікалаеў. Дзе цяпер знаходзіцца скарпіён, невядома.

Апошнія навіны