BE RU EN

Мікалай Казлоў: Цікава даведацца пра вынікі праходжання паліграфа самім Шуневічам

  • 5.12.2016, 15:08

Шуневіч павінен сысці ў адстаўку, калі не здольны стварыць атмасферу ў МУС.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» заявіў падпалкоўнік міліцыі ў запасе, былы старшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў:

- Міліцыя вялікая і людзі там працуюць розныя, але калі мы сутыкаемся з фальсіфікацыяй адміністрацыйных пратаколаў, ілжэсведчаннем у судзе, калі чуем, што ад збіцця ў пастарунку гіне чалавек, калі нецвярозы супрацоўнік ДАІ збівае жанчыну - з гэтага і складаецца імідж усёй міліцыі ў вачах грамадства.

Прафесіяналізм міліцыі падае: прафесіяналы са стажам сыходзяць, а наўзамен часцей за ўсё прыходзяць нематываваныя людзі, бо прэстыж працы ў міліцыі падае.

Шараговыя супрацоўнікі міліцыі, гледзячы на дзеянні сваіх начальнікаў, імкнуцца паступаць гэтак жа. Калі супрацоўнік бачыць, што палкоўнік Яўсееў пабіў на Плошчы журналіста і ў выніку стаў генералам, то якія высновы робяцца?

Цягам пяці хвілін я давяду міністру Шуневічу, што адміністрацыйная справа, паводле якой я адседзеў пяць дзён, было сфальсіфікаваная ад першай да апошняй літары. І гатовы з гэтай нагоды прайсці паліграф.

Сам міністр Шуневіч праходзіў паліграф? Мне б хацелася паглядзець на вынікі, якія дасць паліграф Шуневічу. І той частцы міліцыі, якая ўвесь час прысутнічае на акцыях апазіцыі, а потым сведчыць супраць актывістаў у судзе.

Шуневіч не першы дзень кіруе МУС і ад яго залежыць, якая атмасфера ў міліцыі. І ён павінен сысці ў адстаўку, калі не здольны стварыць атмасферу, пры якой немагчымыя выпадкі здзекаў з затрыманых.

Галоўны крытэр выбару кандыдатуры для кар'ернага росту ў міліцыі - лаяльнасць да існага рэжыму. Калі ў табе сумняваюцца, кар'еры не будзе незалежна ад твайго прафесіяналізму.

Апошнія навіны