За самую буйную банкноту ў Венесуэле можна купіць толькі адну цукерку
- 5.12.2016, 11:58
У гіперінфляцыі заакіянскі сябра Лукашэнкі абвінаваціў апазіцыю і замежжа.
У Венесуэле з'явяцца новыя банкноты вартасцю 500 і 5 000 балівараў, абвясціў у канцы тыдня прэзідэнт краіны Нікалас Мадура, паведамляе rfi.fr.
Ва ўмовах хуткай трохзначнай інфляцыі і рэзкага падзення нафтавых даходаў у краіне назіраецца недахоп гатоўкі. У гэтай новай бядзе Мадура абвінаваціў «замежжа».
У адмысловым тэлезвароце 2 снежня прэзідэнт Мадура парадаваў суайчыннікаў новай антыкрызіснай мерай: неўзабаве ў звароце з'явяцца новыя банкноты вартасцю 500 і 5 000 балівараў. Цяпер самай вялікай з'яўляецца купюра 100 балівараў, на якую можна купіць адну цукерку.
Ужо тыдзень жыхары Венесуэлы сутыкаюцца з праблемай недахопу гатоўкі, ля банкаў выстройваюцца велізарныя чэргі ахвочых «затаварыцца» грашыма.
Праблемы з гатоўкай пачаліся на фоне рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты: за тры месяцы балівар патаннеў на 75% у дачыненні да даляра.
Гіперінфляцыя цяпер — верны спадарожнік венесуэльскай эканомікі. Пасля росту коштаў на 180% у 2015 годзе, сёлета чакаецца інфляцыя 475%, а ў 2017 — 1 660%!
Жорсткі крызіс у краіне з вельмі левым рэжымам пачаўся пасля падзення цэнаў нафты, экспарт якой дае бюджэту 96% даходаў.
У тэлезвароце прэзідэнт Мадура патлумачыў недахоп наяўных грошай спецыяльнай «аперацыяй, якую з тэрыторыі Калумбіі праводзяць фашыстоўскія правыя апазіцыянеры ў саюзе з калумбійскай мафіяй».