BE RU EN

У Баранавічах злавілі скарпіёна, які ўджаліў пакупніка бананаў

  • 5.12.2016, 11:52

Злавіць скарпіёна змагла жонка пацярпелага, якая вярнулася ў краму пасля інцыдэнту.

У супермаркеце ў Баранавічах злавілі скарпіёна, які ўджаліў пакупніка, што выбіраў бананы, паведамілі tut.by у гарадской ветэрынарнай станцыі.

Інцыдэнт адбыўся 30 лістапада. Мужчыну, які выбіраў бананы ў краме, за палец уджаліў скарпіён. Пацярпелага шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне гарадской бальніцы. Стан мужчыны быў стабільным, у той жа дзень яго перавялі ў іншае аддзяленне і неўзабаве выпісалі з бальніцы.

Першапачаткова афіцыйнай інфармацыі аб тым, што мужчыну ўджаліў менавіта скарпіён, не было. У бальніцу жыхара Баранавічаў даставілі з падазрэннем на ўкус насякомага. «Крыўдзіцеля» злавілі праз некаторы час пасля інцыдэнту.

Як паведаміў начальнік Баранавіцкай гарадской ветэрынарнай станцыі Сяргей Нікалаеў, злавіць скарпіёна змагла жонка пацярпелага, якая вярнулася ў краму пасля інцыдэнту. Гэта быў скарпіён слабаядавітага віду.

— Дзесьці 5-7 см ад кончыка хваста да кончыка клюшні. Мне яго прывезла санстанцыя, я перадаў ім яго назад, — паведаміў начальнік ветэрынарнай станцыі.

Дзе цяпер знаходзіцца скарпіён невядома. У баранавіцкім занальным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ад каментароў па гэтай сітуацыі адмовіліся.

Жонка пацярпелага, якая злавіла скарпіёна, таксама не стала абмяркоўваць тое, што здарылася.

Апошнія навіны