BE RU EN

Жыхары менскай Грушаўкі выйшлі на стыхійны мітынг

  • 5.12.2016, 10:50

Менчукі заяўляюць, што ўлады ставяцца да іх, як да «індзейцаў у рэзервацыі».

Жыхары двух дзясяткаў прыватных драўляных дамоў, размешчаных у цэнтры Менска на вуліцы Разінскай і ў трох завулках - Талінскім, 6-ым і 7-ым Чыгуначных - выйшлі на стыхійны мітынг, паведамляе «Радыё Рацыя».

Падставай паслужыла атрыманая імі папера з Маскоўскага райвыканкама аб скасаванні зруйнавання іх жылля, якое не мае нават звычайных камунальных паслуг - ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі.

Пры тым, што ўлады абяцаннямі перасяліць у цывілізаванае жыллё кормяць некалькі сотняў жыхароў дзесяцігоддзямі. На гэты раз жыхары «завулкаў», як яны самі сябе завуць, казалі не пра сваё жыццё-быццё ў перакошаных убогіх дамах з сям-там дзіравымі дахамі, якое адкрыта называюць «быдлячым», але пра «быдлячыя» паводзіны ўладаў у дачыненні да іх. Апошнія забаранілі будаўніцтва нават на іх убогіх па памерах участках.

Пачаў мітынг Сяргей Кабанаў, які пражывае тут ужо 40 гадоў.

«Нам кажуць, адзінае выйсце - знайсці спонсара, які б выкупіў гэты кавалак зямлі. Але хто паквапіцца сёння на квадратны метр за 2 млн старымі, улічваючы велізарныя падаткі да 20%. Для паказухі будуюць аграгарадкі, а ў цэнтры Менска зрабілі гарлемскія трушчобы! Тут усяго тры прыпынкі да галоўпаштамта! І як ты жывеш, нікога не хвалюе!», - заявіў жыхар Грушаўкі.

Далучаюцца жыхары, якіх сабралася з навакольных дамоў блізу паўтара дзясятка.

«Былі ў райвыканкаме - там кажуць, каб фарбавалі дамы і латалі дзіркі, каб паляпшаць знешні выгляд. Заклікаюць нават не працаваць, як у савецкія часы - жыць «для галачкі». Учора ў газеце прачытаў, што 26 квадратных метраў прыпадае на сярэдняга беларуса, а ў 2017 узрасце да 30 - гэта пра каго? Ад часоў СССР, як толькі «выбары» - распавядаюць, як нас будуць зносіць і добрыя кватэры ўзамен даваць. А выберуць таго кандыдата - і памінай, як звалі... У нас дамы, у асноўным, з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Капітальнага рамонту нідзе і ніколі не было. Нават не захавалі супрацьпажарную абарону. Загарыцца - і ўсё запалае разам! Хоць «пажарная» побач, - не падымаюць «пытання». І праводка гнілая - іскра і ўсё... Мы замкнёныя тут! Я казаў старшыні райвыканкама - вы адмыслова схавалі сярод гмахаў нас, як індзейцаў у рэзервацыі? 500 тысяч плачу «за кацёл». За капрамонт цягнуць грошы, але яго ніколі не было - усё робім самі! Я ў іх запытаў - а што ў той рамонт уваходзіць? Сказалі - вываз смецця. Нібыта, не ведаюць, што гэта асобна аплачваецца», - казалі на мітынгу абураныя жыхары Грушаўкі.

- Вы за гэтыя гады хоць чаго-небудзь дамагліся?

- Нічога, усё бессэнсоўна... Без сэнсу...

Асаблівае абурэнне жыхароў Грушаўкі выклікае тое, што іх лядашчыя домікі знаходзяцца ў атачэнні спартыўнага комплексу і інтэрната Акадэміі кіравання пры адміністрацыі Лукашэнкі, шыкоўных гатэльных апартаментаў «Камфорт» і за кіламетр ад сталічнага Галоўпаштамта. І чарговым паперам ад уладаў яны ўжо не павераць.

Апошнія навіны