BE RU EN

Кіраўніца ВПС ЗША назвала Расею галоўнай пагрозай для сваёй краіны

  • 5.12.2016, 9:45

ЗША сутыкаюцца з вялікай колькасцю пагроз, аднак найбольшую з іх нясе Расея, заявіла кіраўніца ВПС ЗША Дэбора Джэймс.

Будучы госцем Рэйганаўскага форуму нацыянальнай бяспекі, Джэймс заявіла агенцтву Reuters наступнае: «Расея — пагроза нумар адзін для Злучаных Штатаў. Нам даводзіцца мець справу са шматлікімі выклікамі, аднак Расея з'яўляецца самай істотнай пагрозай праз яе ядзерную зброю», паведамляе РБК.

У такім жа плане выказаўся і Фрэнк Кендал, які адказвае за закупкі ўзбраення ў Міністэрстве абароны. З ягоных слоў, Амерыка сфакусаваная на праблемах у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне і на Блізкім Усходзе, аднак усё больш увагі надаецца Расеі. «Яе паводзіны прымусілі нас перагледзець погляды на тое, у чым мы маем патрэбу», — заявіў ён.

Кіраўнік аб'яднанага камандавання Джозэф Данфорд назваў мэтай Расеі супрацьстаянне NATO. «Яны дзейнічаюць у тых раёнах, дзе не былі апошнія некалькі дзесяцігоддзяў», — падкрэсліў ён.

Пагрозы з боку Расеі на канферэнцыі агучыў і камандуючы вайскова-марскімі аперацыямі ЗША Джон Рычардсан. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што для прадухілення інцыдэнтаў на моры неабходныя кансультацыі з расейскімі вайскоўцамі. З ягоных слоў, ён рэгулярна размаўляе з прадстаўнікамі ВМС Кітая, аднак ніколі не кантактуе з прадстаўнікамі вайскова-марскіх сіл Расеі ці Ірана. Пры гэтым Рычардсан выказаў занепакоенасць у сувязі з дакладам міністра абароны Нарвегіі Інэ Серэйдэ, які выказаў здагадку, што сваімі дзеяннямі ў Арктыцы Расея шукае магчымасць перакрыць у выпадку неабходнасці шляхі вайсковых паставак з Паўночнай Амерыкі ў Еўропу.

Апошнія навіны