BE RU EN

На прэзідэнцкіх выбарах у Аўстрыі лідаруе Ван дэр Бэлен

  • 4.12.2016, 20:36

Былы лідар «зялёных» апярэджвае прарасейскага кандыдата Норберта Хофэра.

Былы лідар «зялёных» Аляксандэр Ван дэр Бэлен лідаруе на прэзідэнцкіх выбарах у Аўстрыі. Паводле папярэдніх звестак, пасля падліку 69,4 адсотка бюлетэняў ён набірае 53,3 адсотка галасоў. Ягоны апанент - кандыдат ад правапапулісцкай Аўстрыйскай партыі свабоды (АПС) Норберт Хофэр - 46,7 адсотка. Сам Хофэр прызнаў сваю паразу і павіншаваў апанента з перамогай, паведамляе DW.com.

На прэзідэнцкіх выбарах у Аўстрыі, якія адбыліся 24 красавіка, кандыдаты ад палітычных сілаў, якія ўваходзяць у кіроўную кааліцыю - Сацыял-дэмакратычную партыю Аўстрыі і кансерватыўную Аўстрыйскую народную партыю - упершыню за пасляваенны час не прайшлі ў другі тур галасавання.

Пасля чаго федэральны канцлер Аўстрыі Вернер Файман, які з'яўляецца таксама старшынём Сацыял-дэмакратычнай партыі краіны, абвясціў пра сыход у адстаўку з усіх пасадаў. Ён патлумачыў свой крок тым, што страціў падтрымку свайго курсу ўнутры партыі.

У другі тур выбараў выйшлі Норберт Хофэр і Аляксандэр Ван дэр Бэлен. Паводле вынікаў адбытага 22 траўня галасавання Ван дэр Бэлен апярэдзіў Хофэра з мінімальным адрывам, набраўшы 50,35 адсотка галасоў, тады як кандыдат ад АПС атрымаў 49,64 адсотка. Перавага на карысць Ван дэр Бэлена склала крыху больш за 31 тысячы галасоў. Прыход ў другім туры склаў 72,7 адсотка.

АПС звярнулася ў суд, і 1 ліпеня Канстытуцыйны суд Аўстрыі прызнаў несапраўдным другі тур прэзідэнцкіх выбараў у сувязі з працэдурнымі парушэннямі падчас галасавання. Кіраўнік Канстытуцыйнага суда Герхарт Хольцынгер тады заявіў, што такая пастанова была прынятая дзеля ўмацавання даверу да дэмакратычных працэдураў і інстытутаў прававой дзяржавы.

Апошнія навіны