BE RU EN

У Берасці швачкі працуюць за 300 рублёў у халодных цэхах

  • 4.12.2016, 11:06

Вытворчасць, на якой шыюць форму для «Дынама Брэст», знаходзіцца ў былым будынку турмы.

«Дзяўчаты, не мерзніце!» – хацелася ўсклікнуць у мінулы аўторак, пабываўшы на швейнай фабрыцы «Дынама Праграм Брэст». Будынак былой турмы на вуліцы Карла Маркса з велізарнымі плошчамі робіць дваякае ўражанне. З аднаго боку – холад і неўладкаванасць, з другога – далікатныя прыгажуні шыюць у такіх умовах, распрацоўваюць новыя мадэлі, шукаюць выхад з сітуацыі.

«Не ведаем, куды звярнуцца... Просім дапамогі ў вас. Працуем на швейным прадпрыемстве «Дынама Праграм Брэст». Людзі замярзаюць. Ацяпленне не ўключаюць. У цэху 9 градусаў. Працаваць невыносна. Звольніцца не можам, бо трымае інтэрнат, а ў кагосьці наогул адпрацоўка. Просім дапамагчы, хоць неяк паспрыяць. Можа, начальства штосьці зробіць...» Гэта крык душы з ліста ў рэдакцыю «Вечернего Бреста».

Дырэктарка ТАА «Дынама Праграм Брэст» Маргарыта Бандроўская не стала хавацца ад прэсы і шчыра прызналася: праблема існуе.

- Пытанне развязваем са жніўня, - тлумачыць Маргарыта Барысаўна. – «Брэстсельмаш» даўным-даўно паабяцаў паставіць нам цеплавыя гарматы. І ўсё ніяк. То таго няма, то гэтага. І так адкладаецца з дня ў дзень... А на «Брэстсельмашы» спасылаюцца на адсутнасць падпісанай дамовы. Цеплавыя сеткі не падключаць, таму што ў нас велізарная запазычанасць (амаль мільярда недэнамінанных рублёў. – аўт.). І для гэтага патрэбная папярэдняя даплата. А ў нас месячнага грашовага абарачэння стае толькі на тое, каб выплаціць заплату, разлічыцца з падаткамі, за электраэнергію і г. д.

Ідзём у цэхі. Работніцы плачуцца, што мерзнуць рукі. Усе захутаныя, як толькі можна: у «сто апранахах», світках, шаліках.

Асноўны кірунак работы прадпрыемства - спартыўнае адзенне. Але распрацоўваюць таксама дзіцячы, моладзевы, школьны кірунак, мужчынскі і жаночы асартымент. На жаль, абсталяванне ўжо састарэла. Аднак, для 90 чалавек – гэта сталае месца працы. Яшчэ 45 знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку.

Сярэдні заробак – 3 мільёны недэмінаваных рублёў. Маецца лабараторыя, дзе распрацоўваюць новыя мадэлі адзення. У тым ліку з сімволікай заснавальніка – БФСТ «Дынама». Пачалі супрацоўніцтва з футбольным клубам. Нядаўна падрыхтавалі для заўзятараў першую партыю сувенірнай прадукцыі. Аднак усё гэта пакуль не дае цвёрдай упэўненасці ў заўтрашнім дні. Ужо вельмі далёка сышлі ў мінус у папярэднія гады.

З аднаго боку, шкада маладога кіраўніка з палутарагадавым стажам кіравання. З іншага – трэба ствараць ўмовы для работнікаў. Ушушканымі тут ходзяць усе - незалежна ад рангу. І ў кабінеце дырэктара гэтак жа холадна, як і ў цэхах. Велізарная батарэя толькі ўзмацняе жаданне сагрэць рукі, але на жаль...

Заснавальнікі названай швейнай фабрыкі - БФСТ «Дынама» і аўстрыйская кампанія (летам прайшлі перарэгістрацыю замежнага заснавальніка, раней быў італьянскі капітал).

- Аўстрыйцы пакуль не ўдзельнічаюць у развязанні нашых праблем, - прызнаецца Маргарыта Бандроўская. – А сваіх намаганняў недастаткова. І ацяпленне не адзіная праблема. Хоць, безумоўна, на сёння вельмі актуальная і важная. Учора на планёрцы паставіла задачу знайсці кандыцыянеры і паставіць іх у цэхі. І забяспечыць тым самым абаграванне.

Плошча фабрыкі велізарная – 4 паверхі, амаль 7 тысяч квадратных метраў. Ацяпляць толькі два цэхі нельга. Трэба перарабляць усю ацяпляльную сістэму. А для гэтага зноў жа патрэбныя грошы, якіх няма. Маглі б выручыць арандатары: плата за метры тут самая нізкая ў горадзе. Але зноў жа сядзець у холадзе ніхто не хоча. За выключэннем тых нямногіх, хто прыйшоў сюды зняць плошчы раней.

Над «Дынама Праграм Брэст» вісіць таксама нявыплачаны крэдыт амаль два мільярды недэнамінаванных рублёў...

- Прыйшлі, каб выратаваць вас, - з парога ў кабінет дырэктара заяўляюць прадстаўнікі фірмы, якія наважылі рамантаваць кандыцыянеры. – Цягам тыдня іх можна зрабіць.

Неўзабаве высвятляецца, што за працу трэба заплаціць 10 мільёнаў старых рублёў, і гэта толькі паводле папярэдніх падлікаў. Дырэктарка дае заданне прагледзець іншыя фірмы, якія робяць аналагічныя паслугі для рамонту абсталявання. У сітуацыі, якая склалася, – цяжка знайсці нават такія грошы.

Атрымліваецца, дапамогі чакаць няма адкуль. Даведаўшыся аб праблемах, неўзабаве плануюць прыбыць на прадпрыемства прадстаўнікі рэспубліканскай структуры БФСТ «Дынама». Толькі ці ўратуе гэта сітуацыю?

Апошнія навіны