Жыхары Зямлі змогуць назіраць няўзброеным вокам рэдкую камету
- 30.12.2016, 19:14
Рэдкая камета стане на наступным тыдні настолькі зыркай, што яе можна будзе ўбачыць у чыстым начным небе нават няўзброеным вокам.
У NASA распавялі, што рэдкая камета, якая ўвайшла ўжо ў Сонечную сістэму, стане на наступным тыдні настолькі зыркай, што яе можна будзе ўбачыць у чыстым начным небе з дапамогай звычайнага бінокля, або, магчыма, нават няўзброеным вокам, піша tut.by.
Камета была выяўленая NASA яшчэ ў кастрычніку і атрымала абазначэнне C/2016 U1 NEOWISE. Паведамляецца, што яна не нясе небяспекі для Зямлі (яна праляцела за 106 мільёнаў км ад яе яшчэ 13 снежня), яе траекторыя праходзіць побач з Сонцам. І чым бліжэй яна да зоркі, тым больш зыркім будзе яе свячэнне.
Ужо можна паглядзець, як выглядае камета. Здымак ніжэй зроблены 23 снежня ў Аўстрыі з дапамогай тэлескопа:
Прадказаць ступень свячэння камет вельмі складана. Гэтыя касмічныя цела, як правіла, складаюцца з лёду, пылу і скалістага матэрыялу. Пры набліжэнні да Сонца яны пачынаюць награвацца і згараць. Іх склад па меры згарання пачынае мяняцца, адсюль мы назіраем і змяненне яркасці.
Даследчыкі ведаюць мала пра гэтую камету, але мяркуюць, што яе перыяд кручэння вакол Сонца можа складаць мільёны гадоў. Гэта значыць, што C/2016 U1 NEOWISE, магчыма, упершыню праходзіць праз Сонечную сістэму, а таксама тое, што ні мы, ні нашы бліжэйшыя нашчадкі не змогуць назіраць яе паблізу з Сонцам у будучыні.