BE RU EN

На корпусе рэактара БелАЭС застаўся прыкметны след ад удару аб слуп

  • 30.12.2016, 14:19

Наступствы аварыі пры транспартаванні новага корпуса для Астравецкай АЭС утаіць не ўдалося.

На афіцыйным сайце БелАЭС з'явілася фота корпуса рэактара, які прыбыў на будаўнічую пляцоўку. На ахоўным кажуху, у які загорнутая дэталь, добра бачны брудны след, паведамляе euroradio.fm.

26 снежня з цягніком, які перавозіў корпус рэактара для БелАЭС, здарыўся інцыдэнт. Дырэкцыя БелАЭС заявіла, што на станцыі «Слаўнае» адбыўся «судотык металічнага транспартнага кажуха, які ахоўвае апорны корпус рэактара, з полай жалезабетоннай апорай кантактнай сеткі». Калі казаць прасцей, дэталь АЭС сутыкнулася са слупам.

Гэтага следу не відаць на ранейшых здымках, бо дагэтуль цягнік з корпусам рэактара фатаграфавалі толькі з іншага боку:

У дырэкцыі БелАЭС адмовіліся пракаментаваць, засталася гэтая пляма пасля здарэння або з'явілася нейкім іншым чынам. Там адзначаюць, што хуткасць руху цягніка ў момант дотыку да апоры была блізу 3 км/г.

Корпус рэактара ўжо агледзелі прадстаўнікі генеральнага канструктара, завода-вытворцы, Беларускай чыгункі, кампаніі перавозчыка, страхавой кампаніі, заказчыка і генпадрадчыка. «Ніякіх пашкоджанняў не выяўлена, - паведамляюць у дырэкцыі станцыі. - У адпаведнасці з рэгламентам кантроль корпуса рэактара, як і ўсякага іншага абсталявання, што паступае на АЭС, будзе ажыццяўляцца ў штатным рэжыме з удзелам спецыялістаў адпаведных арганізацый».

Апошнія навіны