Астравецкая АЭС за адзін дзень падаражэла амаль на 12 мільярдаў
- 30.12.2016, 11:22
Урад скарэктаваў у бок павелічэння кошт будаўніцтва БелАЭС.
Урад Беларусі сваёй пастановай N1101 зацвердзіў новую праектную дакументацыю на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, паведамляе
interfax.by са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Пастановай зацверджаны архітэктурны праект «Беларуская АЭС» (зводка выдаткаў) папярэдняй каштарыснай вартасцю: 56,111 млрд рас. рублёў у цэнах 2001 года, Br2,9 трлн. у цэнах 2006 года і $340,86 млн.
Пры гэтым увесь аб'ём сродкаў у расейскіх рублях накіраваны на будаўніцтва непасрэдна аб'ектаў АЭС, а сродкі ў замежнай валюце і беларускіх рублях – на падрыхтоўку да будаўніцтва, стварэнне інфраструктуры, праектна-пошукавыя працы.
У першапачатковай праектнай дакументацыі папярэдні каштарысны кошт будаўніцтва аб'ектаў АЭС складаў 44,581 млрд рас. рублёў. Такім чынам, кошт будаўніцтва станцыі павялічаны на 25,9%.
Беларуская АЭС будуецца ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці паводле расейскага праекта «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энэргаблока запланаваны на 2019 год. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва АЭС з'яўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Расатама»).