BE RU EN

СМІ: Раналду і Маўрынью ўхіляліся ад выплаты падаткаў

  • 3.12.2016, 21:45

Гульцы еўрапейскіх клубаў выводзілі ў афшорныя зоны мільёны даляраў.

Футбаліст мадрыдскага «Рэала» Крышціяну Раналду, трэнер англійскага «Манчэстэр Юнайтэд» Жазэ Маўрынью, а таксама некаторыя іншыя гульцы еўрапейскіх клубаў выводзілі ў афшорныя зоны мільёны даляраў, каб пазбегнуць выплаты падаткаў, паведамляе расейская служба BBC.

З такім сцвярджэннем выйшаў шэраг еўрапейскіх газет, у тым ліку нямецкая Spiegel, гішпанская El Mundo і брытанская Sunday Times.

Яны заявілі, што гэтыя звесткі атрыманыя дзякуючы ўцечцы 18 млн розных дакументаў, у тым ліку арыгіналаў кантрактаў, сакрэтных дамоваў і электронных лістоў.

Газеты сцвярджаюць, што Маўрынью і Раналду пераводзілі грошы на рахункі ў банках на Брытанскіх Віргінскіх астравах, якія з'яўляюцца афшорнай зонай.

Між іншым, газеты пішуць, што Раналду ў канцы 2014 года вывеў туды блізу 68 млн. даляраў.

Маўрынью, сцвярджае газета El Mundo, у перыяд з 2010 да 2013 гады вывеў у афшорную зону каля 13 млн даляраў.

Роналду і Маўрынью адмаўляюць гэтыя абвінавачанні. Як заявіў іх прадстаўнік, футбольнае агенцтва Gestifute, і Раналду і Маўрынью цалкам выконваюць свае падатковыя абавязацельствы перад брытанскімі і гішпанскімі падатковымі органамі.

Футбольнае агенцтва Gestifute, якім кіруе Жоржэ Мендэш, які прадстаўляе інтарэсы, у тым ліку, Раналду і Маўрынью ў афіцыйнай заяве падкрэсліла, што і футбаліст, і трэнер выконваюць законы і выконваюць усе патрабаванні падатковых службаў Гішпаніі і Брытаніі.

Журналісты, якія расследавалі гэтую справу паабяцалі апублікаваць найбліжэйшымі тыднямі шэраг дакументаў і артыкулаў на гэтую тэму пад агульным загалоўкам Football Leaks.

Апошнія навіны