BE RU EN

Новы корпус рэактара БелАЭС накіруюць на экспэртызу

  • 27.12.2016, 15:32

Неабходнасць праверкі паўстала пасля аварыйнай сітуацыі пры транспартаванні абсталявання.

Новы корпус рэактара беларускай АЭС пройдзе тэхнічную экспэртызу. Неабходнасць у гэтым узнікла пасля здарэння ў Талачынскім раёне, дзе ў ноч з 25 на 26 снежня ў час транспартавання па чыгунцы на адной са станцый была закранутая апора кантактнай сеткі (сцвярджаецца, што яе закрануў ахоўны металічны транспартны кажух).

Як інфармуе БелТА са спасылкай на прэс-службу Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя», дбайную экспэртызу, «у адпаведнасці з дзейнымі нормамі і правіламі», правядуць пасля прыбыцця корпуса на пляцоўку будаўніцтва станцыі ў Астравецкім раёне.

Паведамляецца, што транспартаванне новага корпуса рэактара з Расеі праходзіць па чыгунцы ў суправаджэнні прадстаўніка завода-вытворцы «АЭМ-тэхналогіі». Афіцыйна заяўлена, што пасля здарэння ў Талачынскім раёне пашкоджанняў на корпусе рэактара не выяўлена.

Беларускі бок запатрабаваў у расейскага боку замяніць першы корпус рэактара пасля здарэння, якое адбылося на будаўнічай пляцоўцы АЭС у ліпені. Шматтонная металічная канструкцыя «саслізнула на грунт» з вышыні некалькіх метраў. Таксама сцвярджалася, што пашкоджанняў на корпусе няма, але беларускі бок выказаў жаданне яго замяніць на новы.

Апошнія навіны