BE RU EN

Дадон афіцыйна стаў прэзідэнтам Малдовы

  • 24.12.2016, 12:02

Новаабраны прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон 23 снежня афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

На цырымоніі інаўгурацыі ён назваў адной з сваіх галоўных задач на пасадзе прэзідэнта ўрэгуляванне прыднястроўскага канфлікту.

"Будаўніцтва адзінай грамадзянскай поліэтнічнай нацыі наблізіць нас да развязання і прыднястроўскага пытання. Аб'яднанне берагоў Днястра - адна з маіх галоўных задач на пасадзе прэзідэнта. І я прыкладу ўсе намаганні для ўрэгулявання гэтага пытання ў інтарэсах большасці жыхароў абодвух берагоў. У нашай агульнай гісторыі былі складаныя перыяды, але я веру, што нас аб'ядноўвае значна большае, чым падзяляе", - заявіў Дадон.

Паводле ягоных слоў, "на абодвух берагах Днястра жывуць прадстаўнікі аднаго народа", і ён, як прэзідэнт, будзе шукаць развязання гэтай праблемы паводле прынцыпу "ў выйгрышы будуць абодва бакі".

Нагадаем, 18 лістапада ЦВК Малдовы паведаміў пра перамогу лідара прарасейскай Партыі сацыялістаў Ігара Дадона на выбарах прэзідэнта з вынікам 52,27%. За ягонага канкурэнта, адзінага кандыдата ад правых партый Маю Санду прагаласавалі 47,7% выбаршчыкаў.

Як заявіў Дадон, усе пагадненні Малдовы ў рамках супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам застануцца ў дзеянні. У той жа час, новаабраны прэзідэнт паведаміў аб намеры падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве з Еўразійскім эканамічным супольніцтвам - структуры, створанай для фармавання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі.

Апошнія навіны