BE RU EN

Як Шуневіч налічыў «усяго» 405 міліцыянтаў на 100 тысяч беларусаў

  • 2.12.2016, 17:54

Праваабаронцы пярэчаць: міністр МУС проста дрэнна палічыў.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што Беларусь нельга назваць «міліцэйскай дзяржавай», бо на 100 тысяч грамадзян тут толькі 405 супрацоўнікаў міліцыі. Гэта супастаўна з колькасцю паліцэйскіх у краінах Еўропы, уважае чыноўнік. Да таго ж, МУС плануе аптымізаваць сваю структуру, скараціць частку супрацоўнікаў, паведамляе «Еўрарадыё».

Звесткі, якія агучыў міністр, больш чым утрая разыходзяцца з лічбай, якую ў 2013 годзе са спасылкай на даследаванне ААН апублікавалі праваабаронцы — 1442 міліцыянты на 100 тысяч грамадзян Беларусі. Іншыя лічбы былі і ў папярэднікаў Шуневіча на высокай пасадзе. Юрый Сівакоў (быў міністрам у 1999-2000 гадах) казаў пра 112 тысяч супрацоўнікаў МУС, Уладзімір Навумаў (узначальваў МУС з 2001 да 2009 год) — пра 89 тысяч. Гэта, адпаведна, 1178 і 936 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак кажа, што нават сціплая лічба, агучаная Шуневічам, перавышае міжнародныя нормы ў колькасці праваахоўнікаў. Тая ж ААН рэкамендуе, каб у краіне было не больш за 222 паліцэйскіх на 100 тысяч грамадзян. А другое пытанне, якое адразу паўстала ў праваабаронцы: каго міністр залічыў у міліцыянты, а каго — не?

«Тут вялікае пытанне: што такое «супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў», каго яны палічылі, а каго не. Хутчэй за ўсё, лічба, якую агучыў Шуневіч, — гэта людзі, якія носяць пагоны. А там яшчэ шмат людзей без пагонаў».

Алег Гулак уважае, што міністр назваў колькасць атэставаных міліцыянтаў. Але ў аддзелах грамадзянства і міграцыі і ў іншых міліцэйскіх структурах ёсць шмат супрацоўнікаў, якія не носяць форму. Тым не менш, яны з'яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, і іх варта было б улічваць, калі ацэньваецца агульная колькасць міліцыянтаў у краіне.

Апошнія навіны