BE RU EN

Актывісты выклікалі «на дыван» кіраўніка Маладзечанскага райвыканкама

  • 2.12.2016, 16:38

Чыноўнік павінен адказаць за выкарыстанне прымусовай дзіцячай працы.

Актывісты «Ініцыятывы» правялі ў Маладэчне акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў. Акцыя адбылася ў Дзень барацьбы за скасавання рабства, які адзначаецца штогод 2 снежня, паведамляе «Радыё Свабода».

Акцыя прайшла ля Маладзечанскага райвыканкама. Актывісты распасцерлі перад уваходам дыван і «патрабавалі, каб выйшаў адказны за прымусовую працу школьнікаў і студэнтаў».

Як растлумачыў кіраўнік «Альтэрнатывы» Алег Корбан, акцыя прайшла ў Маладзечне, таму што два месяцы таму там падчас сельскагаспадарчых работ загінула 13-гадовая школьніца.

«Збіралі бульбу. І, як гэта ў нас заведзена яшчэ з часоў СССР, прывезлі школьнікаў. 13-гадовая Вікторыя загінула пад коламі грузавіка. Знайшлі крайняга - кіроўцу. Але праблема шырэйшая - трэба пазбаўляцца ад гэтай савецкай звычкі з эксплуатацыяй бясплатнай працоўнай сілы за кошт школьнікаў і студэнтаў. На жаль, ніхто, акрамя кіроўцы, не панёс адказнасць за смерць дзяўчынкі», - сказаў Корбан.

Акцыя доўжылася 40 хвілін. Цягам гэтага часу ўдзельнікаў здымалі на камеры супрацоўнікі МУС у цывільным.

«Мы перадалі нашы патрабаванні старшыні Маладзечанскага райвыканкама і будзем спадзявацца, што яны будуць улічаныя», - дадаў Корбан.

Апошнія навіны