Беларусы - Шуневічу: Рэвалюцыі пачынаюцца з карупцыі, галечы і бяспраўя народа
- 2.12.2016, 12:10
Беларусы паспрачаліся з міністрам МУС аб тым, калі і чаму пачынаюцца «каляровыя рэвалюцыі».
У чацвер у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў сваё меркаванне аб інфармацыйнай хвалі ў незалежных інтэрнэт-рэсурсах, накіраванай на дыскрэдытацыю міліцыі.
– Аналізуючы досвед практычна ўсіх каляровых рэвалюцый, якія адбываліся ў найноўшай гісторыі, можна зрабіць выснову, што ўсе яны пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады, найбольш моцных яе галін... Мне здаецца, у нас спрабуюць разыграць той самы сцэнар, – заявіў ён.
Пры гэтым міністр тут жа запэўніў гледачоў, што калі «актыўнай меншасці захочацца зладзіць хаос на вуліцах», у МУС хопіць рэсурсаў, каб ім супрацьстаяць.
Карыстальнікі Байнэту дазволілі сабе не пагадзіцца са словамі Шуневіча – і назвалі іншыя прычыны, якія прывялі да дыскрэдытацыі міліцыі і ўлады ў цэлым. «Салідарнасць» прыводзіць выбраныя каментары з дыскусійнай пляцоўкі talks.by:
«Усе каляровыя рэвалюцыі пачыналіся з таго, што ўлады самі сябе моцна дыскрэдытавалі».
«Таму ўлада ў Беларусі хоча павелічэння тэрмінаў прэзідэнцтва, дэпутацтва – для забеспячэння стабільнасці свайго становішча ў грамадстве на фоне будучых праблем, прэзідэнцкі тэрмін 7 гадоў?».
«Яны пачыналіся з карупцыі, галечы і бяспраўя народа!».
«Чаму за падначаленага з 3 праміламі ён ідзе на БТ інтэрвію даваць, а не ў адстаўку?».
«Рэвалюцыі пачынаюцца тады, калі ўлада забывае своечасова сысці...».
«Міліцыя — гэта не галіна ўлады, як некаторыя няправільна разумеюць, а орган, які стаіць на варце правапарадку і выконвае волю большасці праз канстытуцыю».
«Супрацьзаконныя дзеянні ўлады штурхаюць людзей на «каляровыя рэвалюцыі», асабліва ў тых краінах, дзе няма магчымасці мірна, праз выбары, змяніць людзей ва ўладзе!».
«Усе каляровыя рэвалюцыі пачынаюцца з голаду, нізкага заробку, беспрацоўя, дрэннай мадэлі кіравання і г. д. І гэта ніяк не звязана з дыскрэдытацыяй – людзі самі выбіраюць крыніцы і фільтруюць інфармацыю. А БТ здае пазіцыі, моладзь яго не глядзіць».
«Грошы скончыліся, пачалося запалохванне».
«Самі сябе дыскрэдытавалі сваім хамствам, абсалютнай беспакаранасцю і непрафесіяналізмам».
«Дайце развівацца краіне, і вам не спатрэбіцца столькі супрацоўнікаў, каб абараняцца ад уласнага народа».