BE RU EN

Сіноптыкі прагназуюць больш халодную зіму

  • 2.12.2016, 10:18

Цяперашняя зіма ў Беларусі чакаецца больш халоднай за леташнюю.

Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

Ён адзначыў, што сярэдняя тэмпература паветра за зімовы сезон 2015-2016 гадоў склала мінус 1,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 4°С. Сіноптык нагадаў, што цёплымі былі снежань і люты, а сярэдняя месячная тэмпература студзеня выявілася крыху ніжэйшай за кліматычную норму. Гэтая зіма ўвайшла ў пяцёрку самых цёплых зім.

У цяперашнюю зіму сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі чакаецца блізу кліматычнай нормы (мінус 5,5°С).

«Асноўным фармавальным фактарам клімату ў зімовы перыяд будуць цыркуляцыйныя працэсы ў атмасферы, для якіх характэрнае чаргаванне вільготнага і цёплага паветра з Атлантыкі ды халоднага кантынентальнага паветра, таго, што прыходзіць з усходу. Панаванне то вільготных і цёплых, то халодных паветраных мас створыць няўстойлівы характар беларускай зімы. За перыяд інструментальных назіранняў не было ў Беларусі ніводнай зімы без адліг», - адзначыў Рабаў.

Сярэдняя працягласць перыяду адлігі складзе 4-6 дзён. Агульная колькасць дзён з адлігай змяняецца на тэрыторыі рэспублікі ад 25 на паўночным усходзе да 50 на паўднёвым захадзе. «Нярэдка адлігі будуць настолькі інтэнсіўнымі, асабліва на паўднёва-заходняй палове краіны, што цалкам зганяючы снег з палёў», - сказаў сіноптык.

Калі на тэрыторыю рэспублікі з поўначы і паўночнага ўсходу, пачне пранікаць арктычнае паветра, установіцца марознае надвор'е. Марозныя перыяды будуць мець сярэднюю працягласць 5-7 дзён. Часам у марозныя перыяды будуць назірацца завеі, шэрань.

Сярэдняя колькасць ападкаў у будучы зімовы сезон у Беларусі чакаецца большай за кліматычную норму, якая ў Беларусі складае 115 мм за зіму. Снег або дождж будуць ісці ў сярэднім кожны другі дзень. Сутачныя сумы ападкаў, як правіла, невялікія - прыкладна ў 50% усіх адзначаных выпадкаў яны склалі менш за 1 мм.

«Будуць, вядома ж, і неспрыяльныя і небяспечныя з'явы надвор'я (снегапады, моцны вецер, завеі, туманы і галалёд)», - падкрэсліў Рабаў.

У снежні: сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізкай да нормы (мінус 2 -5°С) сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца большай за сярэднія шматгадовыя значэнні, якія складаюць 38 мм.

У студзені: сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізкай да нормы, на захадзе краіны на 1°C вышэй за норму (кліматычная норма ў студзені мінус 5 -8°С). У параўнанні са снежнем яна паніжаецца на 2,7°C. Сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца ніжэйшай за сярэднія шматгадовыя значэнні (38 мм).

У лютым: сярэдняя месячная тэмпература паветра ўважаецца на 0,5°С вышэйшай за норму, на поўначы краіны на 0,5°C ніжэйшай (пры норме мінус 4 -8°С. Сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца блізу нормы, на паўночным усходзе трохі меншай (норма лютага - 33 мм).

Пры гэтым сіноптык падкрэсліў, што апраўданасць такіх сезонных прагнозаў складае 60-70%.

Апошнія навіны