BE RU EN

Папа Рымскі хоча наведаць Данбас

  • 18.12.2016, 16:57

Папа Рымскі Францыск выказаў жаданне прыехаць на Данбас для сустрэчы з вернікамі.

Пра гэта ў нядзелю, 18 снежня, заявіў амбасадар Ватыкана ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, які прыбыў з візітам у самаабвешчаную «Луганскую народную рэспубліку», паведамляе РІА Навіны.

«Калі будзе ўжо спакой, “час братэрства”, то папа абавязкова знойдзе магчымасць, каб прыехаць сюды і адведаць людзей, але для гэтага трэба запрашэнне ад усіх бакоў», – сказаў Гуджэроці.

Прадстаўнік Ватыкана растлумачыў, што ў гэты момант пантыфік не можа наведаць Данбас, але ён «хацеў бы заўсёды быць прысутным там, дзе ёсць цяжкасці і цярпенне». Жаданне і мэта папы, дадаў арцыбіскуп, дапамагаць людзям знаходзіць агульную мову і аб'ядноўваць нязгодных адзін з адным.

Узброены канфлікт на Данбасе пачаўся вясной 2014 года. Паводле звестак ААН на жнівень 2016 года, у агульнай колькасці з пачатку ўзброенага супрацьстаяння былі забітыя 9,5 тысячаў чалавек, яшчэ больш за 22 тысячы атрымалі раненні. Больш за мільён чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Апошнія навіны